Праз колькі хвілінаў па вызваленні Паліне паведамілі, што кіраўніцтва медычнага ўніверсітэту прыняло рашэнне адлічыць яе – нібыта за няяўку на экзамен.
«Гэта няправільна. Мне вельмі не падабацца палітыка ўніверсітэту. І ўсё, што са мной было, таксама не падабацца. Людзей саджаюць у ізалятары, яны прапускаюць пары, а трактуюць гэта як пропускі з няўважлівых прычын і прымушаюць плаціць адпрацоўкі», – пракаментавала дзеянні кіраўніцтва ВНУ Паліна Нітчанка.
Дзяўчына заявіла, што зробіць неабходныя захады, каб аднавіцца ва ўніверсітэце.
Наконт умоваў адбывання пакарання ў ізалятары часовага ўтрымання зазначыла, што яны былі зносныя, але ад турэмнай ежы яна адмовілася.
«Не спадабалася, і я за гэта плаціць не збіраюся. Адразу адмовілася», – сказала Паліна.
Расказала, што калі атрымала першую перадачу, то знайшла ў ёй толькі бытавыя рэчы. Харчоў не было, і гэта выклікала здзіўленне. Ужо пазней, калі сустрэлася з адвакатам, даведалася, што былі ў перадачы і харчы, але супрацоўнікі ІЧУ чамусьці (адмыслова?) іх не перадалі.
Нагадаем, Паліна Нітчанка была затрыманая 15 студзеня ў інтэрнаце за ўдзел у студэнцкім відэазвароце да ўладаў, за што была асуджаная на 7 сутак арышту. Але па адбыцці гэтага пакарання ў ІЧУ прайшоў яшчэ адзін суд – Паліне прысудзілі яшчэ 10 сутак за акцыю салідарнасці, праведзеную ў сценах навучальнай установы.
Уладзімір Бяляўскі