15.12.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў дацэнта БДУ

Ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, распаўсюджваў "экстрэмісцкія матэрыялы", а таксама распавядаў сваім сябрам з Расіі пра сітуацыю ў Беларусі — на "пакаяльным відэа", якое з'явілася 15 снежня ў праўладным тэлеграм-канале, яго прымусілі сказаць, што гэтым самым ён распаўсюджваў фэйкі.

Палітзняволенага Мікалая Казлова змясцілі ў ПКТ

Мікалай Казлоў. Фота: svaboda.org
Мікалай Казлоў. Фота: svaboda.org

Мікалай — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады.

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "Маршы новай Беларусі" ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). 3 лістапада Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам.

Як паведаміла 14 снежня "Рэальная Беларусь", палітыка ў лістападзе змясцілі ў ПКТ на 2 месяцы. Меркавана, яго плануюць перавесці на турэмны рэжым.

Падтрымайце Мікалая: ПК № 15. 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Мікалай Георгіевіч Казлоў

Telegram-чат «Белорусско-грузинско-украинский чат "Россия это зло"» прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 12 снежня. У ім таксама пазначаны людзі, якія нібыта маюць дачыненне да чату: Павел Турчанінаў, Станіслаў Лупаносаў, Ева Рамазанава, Міхаіл Майсак, Дзмітрый Няўгеня, Вольга Сінялёва, Руслан Зубков.

У чаце ўсяго 119 чалавек, а ў яго апісанні пазначана, што "дадзены чат быў створаны ў сувязі з засіллем маскалёў сярод адміністратараў рускамоўных чатаў у Грузіі. Тут жа адміністратар — беларус".

У Наваполацку працягваюцца затрыманні, падчас якіх людзей апытваюць пра Сяргея Ерамеева і правяраюць на паліграфе

sjarhei-erameeu.jpg
Сяргей Ерамееў

Як паведаміла 14 снежня "Віцебская Вясна", агульная колькасць тых, хто прайшоў праз затрыманні, невядомая. Кагосьці адпускаюць пасля шматгадзіннай гутаркі пра знаёмства з Сяргеем Ерамеевым, затрыманым ФСБ нібыта за дыверсію на БАМе, кагосьці вязуць адразу ў суд і судзяць па адміністрацыйным артыкуле 19.11 КаАП — калі ў тэлефоне знаходзяць "экстрэмісцкія" падпіскі.

Пра крымінальныя справы распачатыя супраць кагосьці з затрыманых апошнімі днямі, пакуль інфармацыі няма. Затрыманні і допыты працягваюцца з 8 снежня.

Пад затрыманні найперш трапляюць тыя, хто, як і Сяргей, меў дачыненне да агульнабеларускага страйку ў 2020 годзе. Затрыманых распытваюць, ці былі яны знаёмыя з былым "нафтанаўцам", якога абвінавацілі ў падрыве цягнікоў у Паўночна-Муйскім тунэлі БАМу 29 і 30 лістапада, ці казаў ён раней пра падобныя намеры.

У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 33 чалавекі — цяпер у ім 3628 прозвішчаў

15 снежня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзянку Украіны Кацярыну Бруханаву, асуджанага за данат беларускім добраахвотнікам праграміста Леаніда Райчонка, прадпрымальніка Валянціна Штэрмера.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 15 снежня