Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», палітвязень Павал Севярынец распаўсюдзіў заяву з нагоды затрыманьня наваполацкага грамадзкага актывіста, супраць якога распачалі крымінальную справу за «здраду дзяржаве». Ён патрабуе ад спэцслужбаў вызваленьня затрыманага Андрэя Гайдукова і тлумачэньняў наконт апэрацыі па ягоным арышце. Нагадаем, КДБ заявіў, што Гайдукоў на заданьне замежнай выведкі займаўся «зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару».

 

Па справе выбуху каля КДБ у Віцебску затрыманым застаецца адзін чалавек. Астатніх падазраваных сьледчыя Сьледчага камітэту адпусьцілі. Пра гэта паведамляе агенцтва «Інтэрфакс-Захад». Выбух у Віцебску быў зьвяном у дзіўным ланцугу здарэньняў. 5 лістапада на беларуска-польскай мяжы адбыўся выбух. 6 лістапада невядомыя кінулі кактэйль Молатава ў летувіскую амбасаду ў цэнтры Менску. 8 лістапада ў Наваполацку й Віцебску затрымалі двух маладых рабочых, аднаго зь іх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве.

Андрэй Гайдукоў быў арыштаваны паводле артыкулу 356 Крымінальнага Кодэкса Беларусі - здрада дзяржаве, у цяперашні момант ён утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ. «Цяпер мы шукаем для яго адваката, таму што першы абаронца, Восіпава Вікторыя Віктараўна, быў дзяржаўным», - адзначае лідэр наваполацкай грамадзкай ініцыятывы “Саюз маладых інтэлектуалаў» Яўген Канстанцінаў.

 

На віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава складзены адміністрацыйны пратакол аб парушэньні правілаў дарожнага руху. 12 лістапада з самай раніцы Левінаў знаходзіўся каля будынку Ўпраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці, дзе напярэдадні прагрымеў выбух. Менавіта ад яго шматлікія мэдыі даведваліся, што адбываецца на месцы здарэньня.

Віцебскі актывіст БХД і назіральнік на нядаўніх выбарах Яўген Гуцалаў адбыў сем сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. А зараз ён вымушаны заплаціць яшчэ за “паслугі” віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня. Кошт турэмнага “сэрвісу” – 50 тысяч за суткі. Нагадаем, што сем сутак арышту прысудзіла Гуцалаву судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Іна Грабоўская. Судзьдзя ўзяла пад увагу той факт, што на той момант Гуцалаў нідзе не працаваў і выплаціць вялікі штраф ня змог бы.