У актывісткі «Краіны для жыцьця» і адміністратаркі аднайменнага Тэлеграм-чату Юліі Барсуковай 8 траўня адбыўся ператрус. Міліцыя канфіскавала два кампутары, 4 тэлефоны і дзясятак агітацыйных улётак за Святлану Ціханоўскую. Самую Юлію пасьля вобшуку павезьлі на допыт у Кастрычніцкі РАУС.

Актывістку Юлію Ўласенка затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня 7 жніўня за заклік у Тэлеграм-чаце арганізавана пайсьці на футбольны матч ФК «Віцебск» – «Іслач». На яе склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП. Але бліжэй да палуначы Юлію выпусьцілі на волю – у яе паднялася тэмпэратура. Яе маці – блогерка Алена Янушкоўская – застаецца за кратамі.

У Віцебску перад выходнымі і асноўным днём галасаваньня пачалі затрымліваць актывістаў «Краіны для жыцьця» і незалежных назіральнікаў. 7 жніўня былі затрыманыя блогерка Алена Янушкоўская і яе дачка Юлія Ўласенка. Пасьля складаньня пратаколаў іх абедзьвюх да 10 жніўня зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

Віцебскі актывіст «Народнай Грамады» і валянтэр каманды Ціханоўскай Аляксандар Якушкоў быў затрыманы 4 жніўня і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. За кратамі ён мусіць правесьці 8 сутак арышту, якія яму прысудзілі за ўдзел у перадвыбарчых пікетаваньнях і якія ня далі адбыць напоўніцу да выбараў. Пра гэта паведаміў «Віцебскай Вясьне» паплечнік Якушкова Алег Паўлаў.

У панядзелак 3 жніўня быў затрыманы віцебскі актывіст Уладзімер Кійко. Яго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ) адбываць арышт, які яму прысудзілі яшчэ 7 ліпеня за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці». Пра затрыманьне паведаміў брат Уладзімера Яраслаў, зь якім яны меліся сёньня зарэгістравацца назіральнікамі на выбарах.