Паводле відэа, мужчыну затрымліваюць каля ўласнага аўтамабіля, нумары якога размытыя - «заблюраныя». Гэтаксама «заблюраны» і твар затрыманага, а ягоны голас зменены з дапамогай тэхнічных сродкаў. І гэта зусім не тыпова для відэа з затрыманняў, якія размяшчаюць сілавікі.
Паводле міліцыянтаў, машыну харкаўскага прарасейскага актывіста абліў фарбай 53-гадовы навапалачанін, больш пра затрыманага не паведамляецца анічога. А вось асоба Сяргея Юдаева даволі вядомая ў пэўных колах.
Гэты ўраджэнец Харкава 3 з паловай гады правёў у СІЗА за тое, што ў 2014 г. браў удзел у акцыях супраць украінскай незалежнасці. У 2017г ён быў асуджаны да ў гадоў зняволення ў калоніі за хуліганства і арганізацыю масавых беспарадкаў -- у прыватнасці, за ўдзел у захопе будынка Харкаўскай абласной адміністрацыі. Аднак у залі суду было абвешчана, што тэрмін ягонага ўтрымання ў СІЗА прыроўнены да 7 год калоніі, і што закон аб амністыі дазваляе вызваліць Юдаева з-пад варты. Аднак сепаратыст не стаў чакаць афіцыйнай магчымасці стаць вольным чалавекам і ўцёк з будынка суда. Пэўны час ён хаваўся, бо яму рыхтаваліся прад“явіць новае абвінавачанне – за бойку ў СІЗА, падчас якой ён нанёс такому ж утрыманцу гэтай установы цялесныя пашкоджанні.
Пазней стала вядома, што Сяргей Юдаеў пакінуў Украіну. Цяпер ён распавядае ў расейскіх СМІ, што ўдзельнічае ў зборы і перадачы гуманітарнай дапамогі мірным жыхарам і вайскоўцам у Харкаўскай вобласці. Што ён рабіў у беларускім Наваполацку, застаецца невядомым. Але ў тамтэйшай міліцыі не выклікала падазрэнняў ні машына за вялікай літарай «Z», ні яе гаспадар», які ўцёк з-пад следства.
Міхась Хмара