Распавядае адзін з затрыманых Аляксандар Гранкін: «17 чэрвеня я знаёміў людзей у Віцебску зь ведычнымі ведамі аб правільным харчаваньні, здаровым ладзе жыцьця, самаразьвіцьці і філязофіі ўсходняй рэлігіі Гаудыя-вайшнавізму. Тым грамадзянам, якія праяўлялі жывую цікавасьць да гэтых тэмаў, мной дарыліся кнігі і брашуры. Галоўны спэцыяліст аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Віцебскага аблвыканкаму Фадзеенкаў, не праяўляючы ніякай цікавасьці да згаданых тэмаў, супраць маёй волі забраў у мяне чатыры кнігі, дзьве зь якіх потым вярнуў. Мае неаднаразовыя патрабаваньні вярнуць астатнія кнігі ён праігнараваў».
8-10 кнігаў былі адабраныя і ў іншага верніка, Паўла Іванова: «Фадзеенкаў разам зь невядомым мне чалавекам, не прадставіўшыся, без тлумачэньня прычын, з прымяненьнем фізычнай сілы адвёў мяне ў больш бязьлюднае месца, дзе забраў у мяне кнігі. Пасьля чаго падманным шляхам завабіў мяне ў будынак Камітэту дзяржаўнага кантролю, дзе ўтрымліваў супраць маёй волі».
Яшчэ адзін пацярпелы, Аляксей Уласюк сьцьвярджае, што ў дачыненьні да яго таксама прымянялася фізычная сіла. Ён таксама апынуўся ў будынку Камітэту дзяржаўнага кантролю, куды яго, паводле ягоных словаў, завялі гвалтоўна і пасьля перашкаджалі выхаду вонкі.
Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, даставілі вернікаў у АУС Кастрычніцкага раёну Віцебску. Крышнаіты кажуць, што там іх пратрымалі амаль пяць гадзін, адкуль адпусьцілі пасьля спраўджваньня асобаў без складаньня пратаколаў.
Вернікі лічаць, што сваімі супрацьпраўнымі дзеяньнямі галоўны спэцыяліст аддзелу па справах рэлігіяў Фадзеенкаў перашкодзіў рэалізацыі іх правоў на свабоднае выказваньне меркаваньня і на свабоду думкі, сумленьня і рэлігіі, неправамерна завалодаў маёмасьцю, якая належала ім, і пазбавіў іх волі. Яны заяўляюць, што маюць намер скардзіцца ў Віцебскі аблвыканкам і пракуратуру.