У ІЧУ доўга адмаўляліся пацвердзіць, ці знаходзіцца ў іх Барыс Хамайда. Праз тэлефон размаўляць адмаўляліся ўвогуле, як толькі чулі прозвішча затрыманага. Тэлефонную слухаўку на другім канцы дроту некалькі разоў перадавалі супрацоўнікам рознага рангу, і ўрэшце было прапанавана прыйсці непасрэдна ў ізалятар часовага ўтрымання, распавялі знаёмыя, якія шукалі Барыса Ханонавіча. Сабраўшы гігіенічныя сродкі, людзі пайшлі ў ІЧУ, каб ужо не толькі спраўдзіць, дзе знаходзіцца віцебскі дысідэнт, але і зладзіць перадачу. Удакладніўшы прозвішча, дзяжурны пацвердзіў, што Барыс Хамайда адбывае арышт. Але наконт перадачы зноўку пайшоў раіцца, і прыйшоў з дазволам толькі пэўны час. Дарэчы, высветлілася, што ў віцебскім ІЧУ для арыштаваных не прымаюць харчовыя прадукты – толькі прадметы санітарыі і гігіены.
Не ўдалося высветліць і тое, колькі сутак арышту мусіць адбыць спадар Хамайда. Супрацоўнікі ізалятару сказалі даведвацца пра гэта ў міліцыі, а міліцыянты кажуць, што нічога не ведаюць.
За якое правапарушэнне асудзілі Барыса Хамайду, таксама не зразумела. Тыя, хто бачыў яго ў дзень затрымання, адзначаюць, што 15 сакавіка ён, як заўжды, стаяў каля «сіняга дому». У яго не было ніякіх плакатаў або транспарантаў, толькі беларускія кнігі на століку, якія ён, як звычайна, прапаноўваў віцебскім мінакам. Бел-чырвона-белы парасон, пад якім актывіст адстаяў шмат гадоў, яшчэ ўлетку быў канфіскаваны міліцыянтамі. Супрацоўнікі міліцыі забралі ў яго і іншыя рэчы, якімі распаўсюднік аздабляў сваё «працоўнае месца» – вышыванкі, у тым ліку з малітвай «Ойча наш», вышытай чырвонымі ніткамі на белай палатніне, некалькі стужак у нацыянальных колерах, паштоўкі. Цягам апошніх месяцаў Барыс Хамайда выносіў да «сіняга дому» выключна беларускую літаратуру, але нельга выключаць, што і яе супрацоўнікі міліцыі маглі палічыць адзнакай несанкцыянаванага пікетавання.
Андрэй Кот