Пра ператрус у актывісткі паведаміў тэлеграм-канал «Рабочы Рух». Па дадзеных каналу, раніцай да Вольгі Брыцікавай прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Ператрус праводзілі ў кватэры і ў асабістым аўто актывісткі. Была канфіскаваная аргтэхніка. Як паведамілі пазней у Незалежным прафсаюзе, Вольгу адпусцілі. Што было нагодай для ператрусу, пакуль невядома.
Вольга Брыцікава 17 жніўня 2020 году выступіла на мітынгу супрацоўнікаў «Нафтану» і агучыла патрабаванні аб адстаўцы Лукашэнкі. Неўзабаве яна была звольненая з прадпрыемства, якому аддала больш за 15 гадоў жыцця.
Апроч таго, 20 верасня, адбыліся суды над іншымі актывістамі. Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Стачка Нафтана», за рэпост у сацыяльных сетках на 7 сутак адміністрацыйнага арышту быў асуджаны апаратчык цэху на «Паліміры» Андрэй Беразоўскі, на 30 базавых велічынь аштрафаваны старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазнякоў. Судзілі іх па ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»). Як паведамляе крыніца, «рэпосты былі зробленыя асуджанымі людзьмі шмат месяцаў назад, калі матэрыялы яшчэ не лічыліся «экстрэмісцкімі».
Раней, 16 верасня, па гэтым жа артыкуле на 15 сутак быў асуджаны супрацоўнік «Нафтану» Раман Шкодзін.
Паводле «Стачкі Нафтану», прайшоў таксама ператрус у офісе БНП, будынку заводупраўлення і ў аддзеле маркетынгу. Гаворыцца пра, як мінімум, адно затрыманне. Прозвішча затрыманага не паведамляецца.
Віталь Емяльянаў