Субота, 04 Верасень 2021

Актывіста Вадзіма Міхайлава затрымалі ў Наваполацку за налепку з Пагоняй

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Вадзім Міхайлаў Вадзім Міхайлаў

3 верасня ў Наваполацку затрымалі прафсаюзнага актывіста Вадзіма Міхайлава. Мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ падчас абедзеннага перапынку, калі выехаў у горад на сваім аўтамабілі. Міхайлава адвезлі ў ГАУС Наваполацку, адкуль ён ужо не выйшаў. Як паспеў паведаміць Вадзім Міхайлаў, прычынай затрымання стала налепка з Пагоняй на багажніку ягонага аўто.

Вадзім Міхайлаў - намеснік старшыні першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу (БНП) на ААТ "Нафтан". БНП лічыць затрыманне актывіста невыпадковым. У цэху №103, дзе працуе Міхайлаў, адбываецца так званая "аптымізацыя персаналу". Вадзім Міхайлаў спрабаваў адстойваць інтарэсы працаўнікоў, якія патрапілі пад скарачэнне. Апроч таго, сёлета Міхайлаў ужо судзіўся з адміністрацыяй прадпрыемства. 

У прафсаюзе адзначаюць, што, згодна з папраўкамі ў Працоўным Кодэксе, унесенымі ў 2021 годзе, наймальнікам дазволілі звальняць супрацоўнікаў "у сувязі з адбываннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту". Калі суд прызнае віну Міхайлава і прысудзіць яму "суткі", прафсаюзны актывіст пасля адбывання арышту можа быць звольнены з прадпрыемства. 

Суд па адміністрацыйнай справе Вадзіма Міхайлава мае адбыцца 6 верасня

Янка Прас