Як расказала жонка Міколы Качурца Марына, яго затрымалі каля 6-й гадзіны раніцы.
«Мікола не аднойчы казаў мне, што яго пільнуюць супрацоўнікі РАУС, выведваюць нейкую інфармацыю пра яго ў суседзяў. Таму калі ён патэлефанаваў мне ў 5:56 і сказаў, што збіраецца ехаць у РАУС, я не вельмі здзівілася», – расказала Марына.
Паводле яе, у Міколы яшчэ са жніўня 2020 году заставаліся не адбытыя 10 сутак і пару гадзін адміністрацыйнага арышту. Ён быў затрыманы ў ноч з 9 на 10 жніўня, асуджаны паводле арт. 23.34 КаАП на 15 сутак і быў вызвалены з віцебскага СІЗА-2 без тлумачэння прычын 14 жніўня.
Жонка Міколы Качурца паведаміла таксама, што яе муж мае намер адмовіцца ад турэмнай ежы. Ён сказаў ёй пра гэта, калі апошні раз тэлефанаваў з Першамайскага РАУСу. Марына паспела перадаць мужу перадачу яшчэ ў аддзяленне міліцыі.
«Павезлі перадачу ў СІЗА, але там Міколы яшчэ не было. Прыйшлося ехаць у РАУС. На маё здзіўленне, там з намі размаўлялі ветліва, перадачу ўзялі без асаблівых спрэчак і нават пакінулі нумар тэлефона на выпадак, калі будуць пытанні», – паведаміла жонка Качурца.
Мікола Качурэц будзе знаходзіцца за кратамі да 25 красавіка.
А. Радцэвіч