Як расказала Алена Шабуня, яна разам са Змітром Лупачом прыехала ў Докшыцы, каб падтрымаць на судзе знаёмага святара. Але на суд не трапілі, таму пайшлі гуляць па горадзе. Падчас шпацыру фатаграфаваліся. У нейкі момант недалёка ад іх спынілася міліцэйская машына. Падышлі супрацоўнікі МУС, спраўдзілі дакументы, а потым папрасілі праехаць у аддзяленне міліцыі для высвятлення асобаў.
«Колькі я ім не даводзіла, што мы нічога не парушаем, а калі і здымаем на тэлефон – дык толькі для прыватнага карыстання, і што ехаць у РАУС няма ніякіх падставаў – пераканаць іх не ўдалося», – распавяла Алена Шабуня.
Паводле яе, у міліцыі правялі прафілактычную размову, агледзелі тэлефоны. Цікавіліся, якія каналы чытаюць у «Тэлеграме» і ці не з'яўляюцца адміністратарамі Тэлеграм-чатаў.
«Склалі нейкія паперы, але іх копіі нам не далі. Адпусцілі праз тры гадзіны», – удакладніла Шабуня. Яна кажа, што ў іх прысутнасці ніякія пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні не складаліся.
Зміцер Міраш