Маці Цімафея Журкевіча расказала, што каля 13.00 у суботу ёй патэлефанавалі са следчага камітэту, а потым прыехалі на працу і паказалі пастанову на вобшук з санкцыі пракурора.
«Я пабачыла ў тым дакуменце, што 25.08 была распачатая крымінальная справа па факце пагрозы гвалтам у дачыненні вайскоўца, прозвішча там было, але не запомніла. І праводзіцца праверка па факце датычнасці майго сына да гэтай справы. Ім патрэбны быў ягоны кампʼютар…» – распавяла маці студэнта.
У выніку праведзенага ператрусу быў канфіскаваны жорсткі дыск кампʼютара і тэлефон. Сам Цімафей, які жыве з бацькамі, на момант вобшуку знаходзіўся ўдома. Яму сказалі, што трэба праехаць паразмаўляць са следчым. Па словах маці, сына адвезлі ў СК, але пасля размовы затрымалі і змясцілі на 72 гадзіны ў ІЧУ, які зараз месціцца ў будынку віцебскага СІЗА-2. У справе працуе адвакат.
Раней Цімафей Журкевіч прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч.1 арт. 23.34 за ўдзел у зборы подпісаў 1 верасня з патрабаваннямі да дэпутатаў зрабіць справаздачу перад народам.
Стала таксама вядома, што па тым жа сцэнары – з ператрусам і адабраннем жорсткага дыску – 16 студзеня ў Віцебску былі затрыманыя Глеб Івашкевіч і студэнт Мікіта Кохан.
Нагадаем, у Віцебску працягваецца судовы працэс па крымінальнай справе (арт. 364 КК), распачатай па падзеях 25 кастрычніка супраць Арцёма Ісакава, якога вінавацяць ва ўжыванні падчас вулічнага шэсця газавага балончыка (пацярпелымі прызнаныя 9 міліцыянтаў).
Зміцер Міраш