У міліцыю з «эскортам»
Паводле Вячаслава Лазарава, увечары 20 лістапада ён сустрэў знаёмых – мясцовых грамадскіх актывістаў, якіх ведае па ранейшых судовых працэсах. Некаторы час яны размаўлялі, седзячы ў ягоным аўтамабілі, бо стаяць на вуліцы было халодна. Раптам пад’ехалі адразу чатыры машыны: дзве з супрацоўнікамі ДАІ і дзве – з міліцыянтамі.
«Міліцыянты сказалі, што мы мусім паехаць у РАУС Першамайскага раёну. Чацвярым актывістам загадалі перасесці ў службовую машыну, у маю перасеў адзін з супрацоўнікаў ДАІ, і ўсе разам паехалі ў пастарунак – калона з пяці аўтамабіляў, мой пасяродку. Па дарозе супрацоўнік ДАІ сказаў, што да майго аўто ёсць прэтэнзія – адсутнасць тэхагляду. Але за такія парушэнні штраф выпісваецца на месцы, мяне ж чамусьці канваіруюць у РАУС», – распавёў Лазараў.
У пастарунку сказалі, што будуць правяраць нумар VIN машыны, і таму яе арыштоўваюць на няпэўны час. А таксама абвясцілі, што будуць рабіць агляд аўтамабіля.
Заплечнік з чужымі рэчамі як падстава для пратакола
Падчас агляду высветлілася, што адзін са знаёмых Лазарава пакінуў машыне свой заплечнік. Рэчы з яго былі перапісаныя і знятыя на відэакамеру, падкрэслівае Вячаслаў Лазараў:
«У пляцаку быў бел-чырвона-белы сцяг, балончыкі з фарбай, нататнік з запісамі. Я адразу заявіў, што гэта не мае рэчы. Але міліцыянты здымалі ўсё на камеру, паказальна раскладалі на стале. Як яны могуць выкарыстаць гэтыя відэаздымкі, прадказаць немагчыма. На мяне склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП, але там не было пазначана, дзе было здзейснена правапарушэнне і якое канкрэтна. У пратаколе я напісаў, што з ім не згодны», – расказаў журналіст.
Копію пратаколу яму не далі. Як пазней стала вядома, ніякіх дакументаў не далі і іншым затрыманым. Усе пяцёра прабылі ў міліцыі каля пяці гадзін.
Машыну не аддалі, у ёй засталася дарагая апаратура
Аўтамабіль Вячаслава Лазарава будуць правяраць на сапраўднасць ідэнтыфікацыйнага нумара. Колькі гэта зойме часу, невядома, бо ў Віцебску бывалі выпадкі, калі гэтая працэдура зацягвалася на некалькі тыдняў. Між тым, у машыне засталася дарагая прафесійная апаратура, якую відэааператару забраць не дазволілі. Працяглае знаходжанне на холадзе можа яе пашкодзіць.
Вячаслаў Лазараў кансультуецца з адвакатам і праваабаронцамі, што можна зрабіць, каб забраць апаратуру дадому. Таксама ён спадзяецца, што гаспадар заплечніка, што таксама застаўся ў міліцыі, заявіць правы на сваю ўласнасць. Увогуле ж, пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне мае быць скасаваным, бо відэааператар нічога падобнага не рабіў – ён проста размаўляў са сваімі знаёмымі ва ўласным аўто.