Нядзеля, 02 Верасень 2012

За заклік да байкоту выбараў у Віцебску аштрафавалі Барыса Хамайду

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Барыс Хамайда Барыс Хамайда Фота: Народныя навіны Віцебска

Чатыры базавыя велічыні або інакш 400 тысяч рублёў штрафу – такі прысуд вынесла 3 верасьня судзьдзя суду Чыгуначнага раёну Віцебску Алена Цыганкова мясцоваму апазыцыянэру Барысу Хамайду за заклік да байкоту парлямэнцкіх выбараў. Актывіст выйшаў на вуліцу Леніна з плякатам «Незаконным выбарам у незаконную “палатку” - байкот!». Як распавядае Барыс Хамайда, ён каля дзьвюх гадзінаў прастаяў з плякатам каля гэтак званага “сіняга дому”, затым апазыцыянэра затрымалі міліцыянты і адвезьлі ў Чыгуначны РАУС, дзе склалі пратакол за несанкцыянаваны пікет, а плякат адабралі:

 

«Хаця я і тлумачыў, што гэта агітацыйная кампанія ідзе. Але яны кажуць, не, усё роўна патрэбна дазвол браць. Я ім кажу, няма ў каго браць дазвол – няма легітымнай улады. Я ж таму і з плякатам стаяў, што незаконныя выбары і незаконная палатка. Трэба байкатаваць гэта. Менавіта ўсё гэта цягнецца з 1996 году, калі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот. І гэта аснова – чаму нельга ўдзельнічаць у гэтых так званых выбарах. Таму што няма прававога грунту. Бо калі б дзейнічала Канстытуцыя 1994 году, то ўсё б было законна і легітымна».

Паводле словаў Барыса Хамайды, у Віцебску гэта быў першы агітацыйны пікет за сёлетнюю парлямэнцкую выбарчую кампанію. Кандыдаты ў дэпутаты пакуль не пачыналі вулічнай агітацыі.

Радыё Рацыя