Аўторак, 25 Сакавік 2014

Дзень Волі ў Віцебску: арыштаваны актывіст КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ян Дзяржаўцаў Ян Дзяржаўцаў

Апазыцыянэра затрымалі пасьля ўскладаньня кветак да помніку Караткевічу і памятнай дошкі Быкаву. Пра гэта паведаміла Алена Каваленка: «Яна Дзяржаўцава затрымалі каля 14 гадзін на вуліцы Кірава ў Віцебску, ён вяртаўся дадому пасьля ўскладаньня кветак з нагоды Дня Волі да помніку Ўладзімеру Караткевічу і памятнай дошкі Васілю Быкаву. А да гэтага сваякі актывіста паведамілі, што да яго прыходзілі двое міліцыянтаў дадому. Да мяне 10 хвілін таму прыйшла суседка і сказала, што мяне таксама шукалі два міліцыянты».

Яна дадала, што Яна Дзяржаўцава вязуць у ІЧУ: «Дзяржаўцава вязуць у ІЧУ, допыт вёў участковы Фарынко Яўген Васільевіч. Абвінавачваюць паводле артыкулу 23.34 КоАП РБ. Мяне таксама выклікаюць, але справы будуць весьціся па асобнасьці. Вельмі цікавіліся, хто рабіў фота і відэаздымкі на акцыі. Ён адмовіўся адказваць, спасылаючыся на 27 арт. Канстытуцыі (ня сьведчыць супраць сябе). Спачатку яго хацелі вызваліць і прызначыць суд на 3 красавіка, але потым участковы сказаў, што загад зьверху - везьці ў ІЧУ», - сказала яна.

Нагадаем, актывісты КХП-БНФ 22 сакавіка арганізавалі пікет каля выбарчага ўчастку ў Віцебску. У ім узялі ўдзел Ян Дзяржаўцаў і Алена Каваленка. Актывісты разгарнулі плякат з надпісам «Байкот выбарчаму фарсу» і публічна парвалі запрашэньні на «выбары». Пасьля гэтага актывістамі зацікавілася міліцыя.

Хартыя ‘97