На неадэкватныя паводзіны аднаго зь віцяблян справакавалі лёзунгі “Не расейскай акупацыі!” і “Не саюзнай дзяржаве!”, зь якімі пікетавалі ў цэнтры Віцебску сябры ініцыятыўнай групы старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Ірыны Яскевіч. Мужчына накінуўся на аднаго зь пікетоўцаў, садраў зь ягонай вопраткі плякат і рэціраваўся…

12 верасьня скончыўся этап падачы дакумэнтаў для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў выбаршчыкаў. Чатыры акруговыя выбарчыя камісіі, якія разьмешчаныя ў межах Віцебску, зарэгістравалі 19 ініцыятыўных групаў грамадзян.

У Полацку на месца, дзе ладзіўся перадвыбарчы пікет, мясцовыя ўлады прыгналі пад’ёмны кран і пачалі раптам ламаць амаль новыя мачты вулічнага асьвятленьня. Зборшчыкі подпісаў мяркуюць, што ўсё рабілася знарок – каб сарваць пікет апазыцыйнага прэтэндэнта ў кандыдаты.

У цэнтры гораду, каля гандлёвага цэнтру “Кантынэнт”, 10 верасьня адбыўся першы перадвыбарчы пікет пад бел-чырвона-белым сьцягам. Подпісы зьбіралі за вылучэньне ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты адразу чатырох віцяблян. За дзьве гадзіны падпісаліся некалькі дзясяткаў чалавек.

Партыя БНФ абскардзіла ў Віцебскім абласным судзе неўключэньне сваіх сябраў у склады выбарчых камісій. Судовы разбор прайшоў 4 верасьня. Патрабаваньне партыйцаў прызнаць рашэньне прэзыдыюму Віцебскага аблсавету і аблвыканкаму ад 1 верасьня 2019 году незаконным суд не задаволіў.