Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік кажа, што нават не пасьпеў паказаць накіраваньне ад Беларускага Хэльсынскага Камітэту – толькі прадставіўся ў вуснай форме: «Пётар Падгурскі адразу сказаў, што менавіта на гэтае паседжаньне, дзе абіраецца старшыня камісіі і наогул кіраўнічы склад, мяне дапускаць “немэтазгодна”. Тады я сказаў, што хацеў бы прысутнічаць проста як шараговы выбаршчык, жыхар Кастрычніцкага раёну, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Тады паступіла прапанова, каб сябры камісіі прагаласавалі, ці згодныя яны, каб я прысутнічаў. Спадар Падгурскі абвясьціў, што ўсе прысутныя “мусяць падумаць”, перш як прагаласаваць. І праз колькі хвілін усе 12 сяброў камісіі – яшчэ адзін сябра камісіі не прысутнічаў, бо быў у камандзіроўцы, прагаласавалі “супраць”».
Паводле Леаніда Сьвеціка, перад сыходам яму прапанавалі прыйсьці заўтра, зарэгістравацца ў якасьці назіральніка, і тады ўжо прыходзіць на наступнае паседжаньне камісіі. «Чаму мне нельга было прысутнічаць менавіта сёньня, я так і не зразумеў. Але адмова сьведчыць пра тое, наколькі адкрыта пачынаецца ў Віцебску выбарчая кампанія. Пра тое, што мяне не дапусьцілі на паседжаньне раённай выбарчай камісіі, я ўжо накіраваў скаргу ў ЦВК», - распавёў праваабаронца.
Напярэдадні, 21 ліпеня, Леаніду Сьвеціку было адмоўлена прысутнічаць таксама на працэсе фармаваньня раённых камісіяў у Віцебску. За дзень да супольнага паседжаньня прэзыдыюму гарсавету і гарвыканкаму яму патэлефанавалі і сказалі, што ягоная просьба прысутнічаць на ім у якасьці прадстаўніка БХК не задаволеная, бо «маніторынг паседжаньняў не дазволены заканадаўствам».