Пятніца, 05 Чэрвень 2020

Бабарыка ў Віцебску: «Мы не «народзец», мы – народ, а нам адмаўляюць у праве выбару…»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Віктар Бабарыка падчас сустрэчы Віктар Бабарыка падчас сустрэчы

Віцебск стаў другім абласным горадам, куды пасьля Гомля прыехаў патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Віктар Бабарыка, каб сустрэцца зь сябрамі ініцыятыўнай групы і гараджанамі. Сустрэча прайшла далёка ад цэнтру ў яшчэ не зусім прыстасаванай для такіх мэтаў залі офіснага будынку, якая ледзь зьмясьціла ўсіх віцебскіх прыхільнікаў Бабарыкі.

Пасьля прывітаньняў і камплімэнтаў на адрас жыхароў Віцебску, якім пашчасьціла жыць у «культурнай сталіцы краіны», Віктар Бабарыка распавёў, што ягоны бацька нарадзіўся непадалёку ад Віцебску – у вёсцы Лукі. Ва ўступным слове гаварыў пра неабходнасьць зьменаў у рэгіянальнай палітыцы

Вылучыў тры моманты:

  1. Большая ступень самастойнасьці. Усё, што напрацоўваецца вышэй усталяванай плянкі, павінна заставацца ў рэгіёнах, якія мусяць разьвівацца за кошт уласных магчымасьцяў.
  2. Стымуляваньне разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу, фармаваньне правільнай структуры ўласнасьці, у тым ліку і рэгіянальнай («Прыватызацыя і рэфармаваньне нельга атаясамліваць зь беспрацоўем. Гэта страшылкі з 1990-х гадоў. Але ў гэтай справе патрэбны збалянсаваны падыход»).
  3. Адзінае, што мусіць рабіць цэнтральная ўлада, – дапамагаць рэгіёнам.

Прыхільнік прыватнай уласнасьці

Са слоў выступоўцы, прыватная ўласнасьць фармуе правільнае стаўленьне да ўсяго. Гэта тычыцца і прыватнай уласнасьці на зямлю. Аднак ва ўсім патрэбны разумны падыход.

«Безумоўна, мусіць быць зямля, якая не падлягае прыватызацыі. Але тое, што можа быць перададзена ў прыватную ўласнасьць, павінна быць перададзена», – сказаў Бабарыка.

Верыць у магчымасьць сумленных выбараў

Лічыць, што сёлета існуе магчымасьць правесьці сумленныя выбары. Грамадзтва будучага будзе пабудаванае на трох складніках: арганізаванай глябалізаванасьці, здольнасьці да авалоданьня тэхналягічнымі навінкамі і на пачуцьці уласнай годнасьці і самапавагі.

«Мы – не «народзец», мы – народ, а нам адмаўляюць у праве выбару. Сёньня прагучала, што мы належым камусьці. І гэтыя яны не аддадуць краіну. Нас пазбаўляюць права выбару ўжо цяпер, калі кажуць, што мы стварылі і мы не аддадзім. Хто гэта мы? Вось я лічу, што права выбару належыць народу», – патлумачыў Віктар Бабарыка.

Сёньняшняя Беларусь – не для людзей

«Праўда ў тым, што гэта краіна не для людзей. Я ня ведаю чаму. У невялікай колькасьці галоваў – гэтая краіна добрая. А ў галовах 9 мільёнаў беларусаў у гэтай краіне нешта трэба зьмяняць. Зьмены гэтыя неабходныя і дзеля гэтага я іду», – заявіў прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнцтва.

«Экспэрымэнтаваць можна толькі пяць гадоў. Не даказаў – сыдзі. Я вельмі хачу, каб беларусы навучыліся гэта рабіць», – дадаў.

Пра саюзную дзяржаву

«Ня можа быць ніякага саюзу, калі мы, як краіна, становімся залежныя ад гэтага саюзу. Гэты праект рэалізоўваецца 20 гадоў, але так і не рэалізаваны. Я ня веру, што, калі чалавеку няма дзе жыць, ён будзе будаваць дом 20 гадоў. Так і тут.

У праекце, які цягнецца 20 гадоў і ні да чаго не прыводзіць, нешта ня так…»

Заробкі чыноўнікаў мусяць быць прывязана да сярэдняга заробку

«Гэта нармальны прынцып любога мэнэджэра. Чым лепей жыве народ, тым лепей жывуць чыноўнікі. А ня так, як цяпер і як казаў Леанід Ільліч: «Чым болей вы працуеце, тым лепей мы жывём».

Пра каронавірус

«Трэба сказаць людзям усю праўду. Яна будзе страшнейшая за тое, што нам кажуць, але яна будзе не такая страшная, як мы яе надумалі».

Пра прывілеі

«У мяне калісьці з маёй сям’ёй была размова. Разважалі нават пра ад’езд з краіны. І я зразумеў адну рэч: таго, што ў мяне ёсьць, мне дастаткова. Мне дастаткова павагі. Мне дастаткова грошай на тое, каб жыць, як я хачу.

Адзін раз я праехаў на машыне зь мігалкай. Але дваццаць гадоў я езьдзіў безь яе і ані разу не спазьніўся. Мо прэзыдэнту і трэба езьдзіць з такім эскортам, але я ня ведаю навошта. У выніку абраньня я паспрабую максымальна захаваць свой вобраз жыцьця».

«…і гэта ніколі не прывядзе да канфлікту»

Грамаду абурыла пытаньне аднаго з прысутных. Мужчына абвінаваціў мадэратара сустрэчы ў тым, што той зьвярнуўся да людзей па-беларуску.

«Азначае гэта, што нам у выпадку вашай перамогі прыйдзецца пераўтварыць Віцебск у другі Данецк?» – запытаў Бабарыку.

«Тое, што я бачу цяпер, – гэта адзіны блёк людзей, якія ўваходзяць у ініцыятыўную групу кандыдата ў кандыдаты. Вы ўсе розныя, але мне падаецца, што ў вас ёсьць пачуцьцё ўласнай годнасьці і павагі да іншага меркаваньня. І гэта ніколі не прывядзе ні да якога канфлікту», – адказаў Віктар Бабарыка.

Патэнцыйны кандыдат застаўся задаволены сустрэчай. На разьвітаньне выказаў спадзяваньне, што «9 жніўня беларусы зробяць правільны выбар».

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.