Спадарыня Ладукас мяркуе, што прычынай нападу была нянавісьць не да іх асабіста, а да палітычных перакананьняў пікетоўцаў. 29 ліпеня каля 16:30 недалёка ад месца пікету прыпаркаваўся джып, заехаўшы на бардзюр. Выйшлі двое мужчын гадоў пад 30, адзін зь іх пачаў брыдкасловіць і зламаў флягшток. Ён у абразьлівай форме выказваў незадавальненьне тым, што пікет са сьцягамі ўсталявалі перад ягоным домам. І гэта яму не спадабалася.
Пасьля звароту ў міліцыю па гэтым факце праводзілася праверка. Па выніках яе Тацьцяне Ладукас паведамілі, што справа пра нецэнзурную лаянку спыненая, бо ў дзеяньнях нападніка не было складу правапарушэньня. Гэта абурыла ўдзельніцу пікету, якая мяркуе, што хуліганскія паводзіны невядомага мусілі зафіксаваць відэакамэры на гандлёвым цэнтры “Стралецкі капітал”, і што за такія дзеяньні трэба караць – тым больш, што міліцыянты высьветлілі асобу нападніка. Але зь невядомых прычын не прызналі яго правапарушальнікам.
Тады спадарыня Ладукас зьвярнулася ў пракуратуру з заявай пра неабгрунтаванае міліцэйскае рашэньне. І днямі атрымала адказ, што матэрыялы справы пра напад на пікет па зборы подпісаў вяртаюцца ў Наваполацкі ГАУС для дадатковай праверкі.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"