Падобнае парушэньне на Савецкім участку № 3 зафіксаваў і Леанід Аўтухоў, актывіст партыі БНФ, якому паведамілі пра 157 такіх выбаршчыкаў.
Леанід Гаравы, акрэдытаваўшыся 23 верасьня ў якасьці назіральніка на пяці выбарчых участках, адразу ж зафіксаваў на кожным зь іх аднатыпныя парушэньні. Атрымліваючы інфармацыю пра колькасьць унесеных у сьпісы выбаршчыкаў на ўчастку і выбаршчыкаў, якія ўключаныя ў сьпіс для галасаваньня па месцы знаходжаньня, ён убачыў апошнюю старонку адпаведных сьпісаў, якая была запоўненая з парушэньнем нормаў, зацьверджаных у дадатку №10 да пастановы ЦВК №11. Згодна з гэтай нормай трэба зафіксаваць ня толькі асноўныя дадзеныя выбаршчыка, але таксама дату і час прыняцьця заявы, што зроблена не было.
Але яшчэ больш гарадоцкага праваабаронцу зьдзівіла колькасьць грамадзянаў, якія амаль за два тыдні да выбараў вырашылі прагаласаваць, не пакідаючы межаў уласнага жытла. Такая надзвычайная актыўнасьць на фоне ўсеагульнай палітычнай апатыі ў краіне падалася абсалютна ненатуральнай. Глядзіце самі: на выбарчым участку №1 Баграмянаўскім зафіксавана 1912 выбаршчыкаў, зь іх – 87 пажадалі галасаваць на даму; на ўчастку №2 Камсамольскім – 2106, на даму – 172; на участку №4 Зарэчанскім – 924, на даму – 109; на ўчастку №5 Гагарынскім – 1500, на даму – 360; на ўчастку №6 Вакзальным – 1091, на даму – 193. Гэткая ж сытуацыя была зафіксаваная грамадзкім актывістам Леанідам Аўтуховым, які атрымаў акрэдытацыю назіральніка на выбарчым участку №3 Савецкім ( агулам – 1539, і на даму – 157 выбаршчыкаў).
Згодна з каляндарным плянам 23 верасьня ўчастковыя камісіі пачалі сваю працу. Дзяжурства было арганізаванае з 17:00 да 19:00 гадзін, і за гэты час нават два чальцы камісіі не маглі б фізычна запісаць гэткую колькасьць жадаючых прагаласаваць на даму. Відавочна – гэта было зроблена загадзя. Гэтыя абставіны дазваляюць меркаваць, што выбаршчыкі не зьвярталіся з заявамі ва ўчастковыя камісіі, а камісіі самастойна аформілі сьпісы без усялякіх заяваў выбаршчыкаў.
24 верасьня з прычыны яўнага парушэньня заканадаўства – самаўпраўнай арганізацыі галасаваньня па месцы знаходжаньня выбаршчыка – у Гарадоцкую раённую камісію па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь праваабаронцам Леанідам Гаравым было пададзена адразу пяць скаргаў на парушэньне свабоды волевыяўленьня выбаршчыкаў адпаведнымі ўчастковымі камісіямі Гарадка. У гэтых скаргах назіральнік Гаравы патрабуе прызнаць створаныя сьпісы для галасаваньня па месцы знаходжаньня выбаршчыкаў несапраўднымі, абавязаць участковыя камісіі весьці гэты сьпіс толькі па заявах выбаршчыкаў і паінфармаваць выбаршчыкаў раёну пра дакладнае выкананьне нормы выбарчага заканадаўства па арганізацыі галасаваньня па месцы знаходжаньня выбаршчыкаў.
“У гэтых парушэньнях абурае той факт, што сябрамі ўчастковых камісіяў парушаецца ня толькі выбарчае заканадаўства, але ў першую чаргу Канстытуцыя краіны, якая ў артыкуле 64 гарантуе кожнаму грамадзяніну права браць альбо ня браць удзел у выбарах. І другі момант, на які варта зьвярнуць увагу: гэткім чынам камісія арганізоўвае штучны рост удзельнікаў выбараў, яўка патэнцыйных выбаршчыкаў штучна завышаецца праз масавае галасаваньне па-за межамі памяшканьня камісіі, якое незалежным назіральнікам адсачыць будзе практычна немагчыма. Гэты этап выбараў зьяўляецца даволі спрыяльным для фальсіфікацыяў. Існавалі ўчасткі, на якіх амаль чвэрць выбаршчыкаў галасавала па месцы свайго жыхарства. Праўда, з такой вялікай колькасьцю жадаючых, “гатовых” у першы ж день працы ўчастковых камісіяў запісацца для галасаваньня па месцы знаходжаньня, прыходзіцца сутыкацца ўпершыню. Але што зробіш, прававая беспакаранасьць падштурхоўвае да прававога бязьмежжа”, - кажа Леанід Гаравы.
З гэткага кшталту парушэньнямі Гаравому давялося мець справу і летась падчас назіраньня за выбарчай кампаніяй ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Ужо тады ім была заўважаная пэўная заканамернасьць: колькасьць жадаючых прагаласаваць па месцы жыхарства на адным і тым жа ўчастку павялічвалася ад адной выбарчай кампаніі да другой ( 80, 115, 350 грамадзян), а тут – 360 выбаршчыкаў у першы дзень працы ўчастковых камісіяў. Ёсьць над чым задумацца.
З улікам усяго вышэй агучанага можна канстатаваць, што нават тады, калі на выбарчыя ўчасткі прыйдзе менш за палову выбаршчыкаў, ва ўлады застанецца досыць эфэктыўны інструмэнт падвышэньня колькасьці тых, хто прагаласаваў. І тут ужо ня важна, ці то гэтыя грамадзяне прагаласавалі самастойна, ці то пад ціскам чальцоў выбарчых камісіяў, якія прыехалі наўпрост да месца іхнага жыхарства.
У кампанію па назіраньні за выбарамі “Права выбару-2015” уваходзяць восем арганізацыяў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, “Гавары праўду!”, рух “За свабоду”, партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці, аргкамітэт партыі Свабоды і прагрэсу.
Галоўнай мэтай кампаніі зьяўляецца абарона сапраўднага волевыяўленьня грамадзянаў праз прадухіленьне парушэньняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэньняў і апэратыўнае рэагаваньне на іх.
Крыніца: Гарадок.інфо