Панядзелак, 05 Верасень 2016

Газэта «Віцьбічы» перарабляе крытычныя камэнтары пра выбары на станоўчыя

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На сайце віцебскай гарадзкой газэты «Віцьбічы» ёсьць дзьве рубрыкі, прысьвечаныя выбарчай кампаніі. Адна зь іх – інфармацыйная: тут згрупаваныя матэрыялы пра ход кампаніі ў рэгіёне. Другая – нібыта прызначаная для зваротнай сувязі і мае адпаведную назву «Чаго вы чакаеце ад новага складу Палаты прадстаўнікоў?»

Пад апошняй рубрыкай разьмешчаны ўсяго адзін артыкул пад аднайменнай назвай. Аўтары пацікавіліся меркаваньнямі не шараговых месьцічаў, а дзяржаўных службоўцаў – прарэктара адной з ВНУ, начальніка віцебскай гарадзкой інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, старшыні гарадзкога аб’яднаньня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. А таксама думкамі намесьніка старшыні гарадзкога савету вэтэранаў і ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, сфармуляванымі ў артыкуле наступным чынам: «Дэпутацкі корпус рэспублікі зарэкамэндаваў сябе з найлепшага боку. Мы прывыклі да таго, што ў нацыянальным парлямэнце працуюць людзі кампэтэнтныя і неабыякавыя да лёсу краіны, да сваіх выбаршчыкаў. Вельмі важна, каб такімі ж якасьцямі валодалі і дэпутаты шостага скліканьня. Зрэшты, гэта шмат у чым залежыць ад нас, выбаршчыкаў».

Можна было б засумнявацца, ці насамрэч спадарыня паважнага веку так віртуозна валодае стылем маўленьня чыноўніка зь вялікім стажам выступаў «за трыбунай». І замест пошукаў адказу на гэтае пытаньне жыхарка Віцебску вырашыла паэкспэрымэнтаваць, ці надрукуе газэта звычайны «голас народу».

Маці траіх дзяцей, якая вырашыла падпісацца проста – «Мама», паспрабавала скарыстацца з магчымасьці і распавесьці пра свае чаканьні ад будучых дэпутатаў. Аднак высьветлілася, што тэхнічнымі магчымасьцямі сайту гэта не прадугледжана. Заставалася адно – пакінуць камэнтар да згаданага вышэй артыкулу. Распавядае спадарыня Алена:

«Я даслала камэнтар прыкладна такога зьместу: “Чакаю, што яны будуць ствараць законы на карысьць народу, а не для сябе асабіста. І чакаю, што яны будуць сапраўднымі слугамі народу, а не дармаедамі”. Нічога абразьлівага ў маіх словах не было, і я выказала меркаваньне, неаднаразова мною чутае і ад іншых людзей… Як толькі я даслала свой камэнтар, прыйшло паведамленьне, што яго будзе глядзець мадэратар. Ужо тады ў мяне закраліся сумневы, ці будуць надрукаваныя мае словы. Але вырашыла не пераймацца: няхай, думаю, мадэрацыя будзе, раптам нехта напіша нейкае брыдкаслоўе ці лаянку… Насамрэч аказалася, што мадэратар проста перайначыў мае словы, выкінуўшы лішнія, на ягоную думку, словы. Атрымалася такое: “Чакаю, што яны будуць ствараць законы на карысьць народу і сапраўднымі слугамі народу”».

Замест незадаволенага атрымаўся ўхвальны камэнтар, адзначае спадарыня, якая хацела скарыстацца зь нібыта дэмакратычнай прапановы газэты і сваім правам на свабоду думкі і выказваньняў. На цяперашні момант – ён наогул адзіны. Ці то чытачы «Віцьбічаў» не давяраюць газэце сваіх думак, ад пачатку не паверыўшы ў тое, што іх надрукуюць. Ці наогул не разумеюць «фармату» прапановы: з аднаго боку, газэта нібыта заклікае адгукнуцца, распачаўшы асобную рубрыку, а з другога – зрабіць гэта праблематычна і з тэхнічнага боку, і праз праблему цэнзураваньня камэнтароў.

Дарэчы, віцебская абласная газэта «Витебские вести» наогул адключыла магчымасьць камэнтаваньня шэрагу артыкулаў на сайце, у тым ліку і на выбарчую тэматыку.

spring96.org