Серада, 10 Жнівень 2016

У наваполацкага вылучэнца ад АГП выбарчая камісія не прыняла дакумэнты

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Дзьмітры Якаўлеў, сябар АГП з Наваполацку, меў намер балятавацца кандыдатам у дэпутаты парлямэнту па Наваполацкай выбарчай акрузе №24. Аднак сакратар камісіі адмовілася прыняць у яго дакумэнты, спаслаўшыся на адсутнасьць даведкі з ЗАГСу.

Паводле спадара Якаўлева, дакумэнты ў яго не прыняла сакратар выбарчай камісіі Галіна Амбрасёнак, папярэдне пракансультаваўшыся па тэлефоне са старшынёй камісіі Валянцінай Мартыненка:

“Я прынёс дакумэнты, каб аддаць іх для рэгістрацыі кандыдатам у якасьці вылучэнца ад АГП. Аднак сакратар сказала, што іх ня прыме. Прычына – адсутнасьць даведкі пра зьмену прозьвішча, бо мой дыплём аб адукацыі выпісаны на іншае, якое я потым зьмяніў. Мне парэкамэндавалі зьвярнуцца ў ЗАГС, аднак высьветлілася, што па панядзелках установа не працуе.  Усё гэта адбывалася 1 жніўня, у апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты мелі права падаваць дакумэнты на рэгістрацыю. Без даведкі з ЗАГСу выбарчая камісія адмовілася прыняць мае паперы”.

На думку Алега Пашкевіча, назіральніка ад РГА “БХК” пры акруговай выбарчай камісіі, мела месца парушэньне выбарчага заканадаўства:

“Няпоўны пералік неабходных дакумэнтаў можа быць падставай для нерэгістрацыі кандыдатам. Але факт нерэгістрацыі чалавек мае права абскардзіць. У гэтым жа выпадку чалавека такога права пазбавілі: дакумэнты проста не прынялі. Хаця мусілі гэта зрабіць у адпаведнасьці з законам. Цяпер і абскардзіць няма чаго, і Дзьмітрыя Якаўлева пазбавілі права на ўдзел у выбарах у якасьці кандыдата”.

Дарэчы, спадар Якаўлеў удзельнічае ў выбарах не ўпершыню:  у 2012 годзе ён быў пасьпяхова зарэгістраваны ў якасьці кандыдата ў дэпутаты, і менавіта з такім самым пералікам дакумэнтаў. Тады камісія нават ня ўбачыла праблемы ў тым, што даведкі з ЗАГСу пра перамену прозьвішча не было.

spring96.org