Абодвы пікеты праходзілі на мясцовых рынках. У Бешанковічах, дзе Ягора Левачова ведаюць лепей, за тры гадзіны ўдалося сабраць трыццаць подпісаў. Пікеты ў раённым мястэчку – зьява рэдкая, таму выклікалі цікаўнасьць у мінакоў. Найчасьцей да пікетоўцаў падыходзілі знаёмыя ды тыя, хто цікавіцца выбарамі. Не абміналі сваёй увагай пікет і вяскоўцы, што прыехалі на рынак з навакольных вёсак. Людзі жаліліся на дрэннае жыцьцё, але спадзеву на перамены не выказвалі. Маўляў, «усё залежыць ад яго», «нічога вы ня зьменіце...»
Некалькі подпісаў паставілі грамадзяне, якія на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах сьвядома галасавалі за Тацяну Караткевіч. Аднаму з патэнцыйных падпісантаў не спадабаўся той факт, што ў мінулым Ягор быў прэзыдэнцкім стыпэндыятам. Гэты біяграфічны факт нібыта і ўхіліў грамадзяніна ад таго, каб паставіць свой подпіс у падтрымку прэтэндэнта ў кандыдаты.
Пікет у Чашніках атрымаўся менш пасьпяховым: бешанковіцкага хлопца пагадзілася падтрымаць меншая колькасьць выбарцаў. Хаця, як адзначыў Ягор, у адрозьненьне ад Бешанковіч, у Чашніках людзі не былі так апрацаваныя ўладай, і спасылак на тое, што яны ўжо падтрымалі вылучэньне праўладнага кандыдата, таму другі раз падпісвацца ня будуць, тут не гучала.
На сёньняшні дзень каманда маладога, але ініцыятыўнага прадстаўніка дэмакратычнага руху ўжо амаль сабрала неабходныя для рэгістрацыі тысячу подпісаў.
https://viciebskspring.org/news/vybary/item/1872-yagor-levachou-pravjou-pikety-u-beshankovichakh-i-chashnikakh#sigProId0b1dbf5b19