Хаця Аляксей адмовіўся ад прызначанага адваката, сьледчы праігнараваў яго адмову. Аляксей знаходзіцца на «хіміі» ў Наваполацку, і яго абвінавацілі ў дрэннай запраўцы ложка, доўгай зарадцы мабільнага тэлефона і затрымкі аплаты за інтэрнат. На падставе такіх абвінавачаньняў адміністрацыя «хіміі» спрабуе перавесьці Аляксея ў закрытую папраўчую калёнію.
29 чэрвеня каля 15:00 Аляксея Желнова выклікалі ў дзяжурную частку папраўчай установы адкрытага тыпу, дзе ён адбывае пакараньне, і сказалі зьбіраць усе рэчы. Аляксей перапытаў навошта. А ў адказ пачуў: «Прыйшла папера... Давай зьбірай усе свае рэчы, цябе вязуць да сьледчага». Праз паўгадзіны збораў, Аляксея пасадзілі ў службовую машыну і павезьлі ў сьледчы камітэт гораду Наваполацку. Прыехаўшы ў камітэт, яго адвялі ў сёмы габінэт, дзе ўжо знаходзіўся сьледчы Збароўскі Аляксей Уладзімеравіч і адвакат Сысоева зь мясцовай канторы.
Распавядае Аляксей Жалноў:
– Я пацікавіўся ў адваката, хто вас сюды прыслаў? У адказ пачуў, што сьледчы. Пасьля гэтага сьледчы сказаў, што зьбіраецца прад'яўляць мне абвінавачаньні, бо сьледзтва лічыць, што доказаў маёй віны дастаткова. Я адразу ж заявіў хадайніцтва аб прымяненьні тэхнічных сродкаў аўдыё-і відэазапісу, але сьледчы мне адмовіў абсалютна беспадстаўна і заявіў, што гэта ўсё яго стамляе. Пасьля пачутага «стамляе» я заявіў сьледчаму адвод, але сьледчы яго праігнараваў і загадаў прывесьці з вуліцы панятых. Растлумачваць мае правы сьледчы адмовіўся, вырашыў, што чытаньня артыкулу з закону дастаткова.
Я заявіў хадайніцтва аб прыцягненьні ў якасьці абаронцы майго бацькі Жалнова Алега, на што зноў жа атрымаў адмову ад сьледчага. У гэты час адвакат, якога выклікаў сьледчы, знаходзіўся ў ролі статыста – сядзеў як просты назіральнік, нават не спрабуючы заступіцца за мяне і дамагчыся выкананьня маіх законных правоў. Тады я заявіў пра тое, што спыняю паўнамоцтвы гэтага абаронцы, але сьледчы зь невядомых прычын узяў на сябе адказнасьць адмовіць мне ў гэтым праве і сваёй воляй прызначыў гэтага адваката абараняць мяне, то бок сваімі дзеяньнямі пазбавіў мяне права выбару абаронцы.
Тады я заявіў чарговае хадайніцтва і вырашыў скарыстацца сваім правам размаўляць з абаронцам сам-насам перад пачаткам допыту. Але Збароўскі адмовіў нават у гэтым і пачаў допыт. Ён спытаў мяне, ці буду я даваць паказаньні, на што я адказаў, што паказаньні даваць не адмаўляюся. Але сьледчы нахабным чынам унёс у пратакол запіс, што «Аляксей Жалноў адмаўляецца даваць паказаньні», і навязаў сваё меркаваньне панятым. Сьледчы Збароўскі абсалютна не зважаў на тое, што я некалькі разоў пасьля гэтага выказваў сваё жаданьне даваць паказаньні.
Прад'явіўшы абвінавачаньне, Аляксея вярнулі ў інтэрнат на «хімію». Сьледчы спрабаваў узяць у Аляксея «падпіску пра нявыезд за мяжу (!)», якую той не падпісаў, палічыўшы абсурдам ў чалавека на «хіміі» браць такую падпіску.
Інцыдэнт пракамэнтаваў старшыня віцебскай абласной партыйнай арганізацыі БСДП (Грамада) Яўген Вільскі:
– Відавочна, што нашага партыйнага таварыша Аляксея Жалнова далей чакае судовы разгляд па гэтых абсурдных абвінавачаньнях. Аляксею пагражае тры гады турмы, хоць на сёньня яму застаецца прабыць толькі паўтара году на «хіміі». Такім чынам, сыстэма Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў зьдзекуецца з простага чалавека, парушаючы яго законныя правы і маральныя асновы цывілізаванага грамадзтва. Мы будзем змагацца за свайго таварыша.
Лідэр партыі АГП Анатоль Лябедзька выказаў у сацыяльных сетках падтрымку бацьку Аляксея, Алегу Жалнову, які зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах: «распасьцёртыя ярмошыны, ківаючыя макеі – гэта ўсё фасад, а ўнутры вось гэта! Магу Алегу пажадаць толькі сілы духу і волі. Цяпер ламаюць праз калена не публічна, а цішком, за зачыненымі дзьвярыма, але ж ад гэтага сутнасьць не мяняецца. Хамская, крывадушная ўлада упіваецца ўседазволенасьцю!»
Аляксандар Марозаў