Чацвер, 13 Верасень 2012

Аляксей Гаўруцікаў сустрэўся з выбарцамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

11 верасьня прайшла сустрэча з выбарцамі кандыдата ў дэпутаты парлямэнту па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Аляксея Гаўруцікава. У сустрэчы, якая ладзілася ў актавай залі віцебскай СШ № 45, бралі ўдзел ягоныя давераныя асобы Аляксандар Мілінкевіч, Алена Фаміна і Сяргей Парсюкевіч. Ролю вядоўцы выконваў яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты - Хрыстафор Жаляпаў.

 

Народу прыйшло няшмат. У залі сабралася каля 30 чалавек. Але была нават маладая сям’я зь дзеткамі. Са спазьненьнем у залю прасачыўся прадстаўнік адміністрацыі СШ №45. Адзначым, што выбарцы большую частку сустрэчы правялі ў панурым маўчаньні. Дыскусія завязалася толькі пад канец размовы, якая доўжылася без малога дзьве з паловай гадзіны.

Памяшканьне, дзе выступаў кандыдат, было вытрымана у халодных блакітных танах. Кандыдат і ягоныя паплечнікі выступалі на фоне чырвона-зялёнага сьцягу і партрэту Лукашэнкі, што надавала мерапрыемству яшчэ больш халоднасьці і панурасьці…

Хрыстафор Жаляпаў сваё ўступнае слова прысьвяціў таму, што “выбарчая кампанія праходзіць у складанай і дзіўнай абстаноўцы” і што “сьпіс прозьвішчаў будучых дэпутатаў ужо можна знайсьці на некаторых сайтах у інтэрнэце”. Назваў сёлетнія выбары “гіранічнымі па сутнасьці”. “Менавіта з гэтай прычыны заля сёньня такая нешматлюдная”, – падсумаваў вядоўца.

Кандыдат Аляксей Гаўруцікаў пачаў з таго, што вярнуўся да мінулых дэбатаў па тэлебачаньні, у якіх браў удзел. Там ягоны візаві – настаўнік матэматыкі Міхаіл Волкаў, папрасіў Гаўруцікава назваць тры пункты, якія б даказалі Волкаву, што дзейнасьць кандыдата ад апазыцыі будзе ў парлямэнце стваральная, а не разбуральная. У наўпроставым этэры Гаўруцікаў адказаць не пасьпеў і запрасіў канкурэнта на гэтую сустрэчу. Волкаў не прыйшоў, таму Гаўруцікаў адказваў яму завочна:

“Калі сьцісла, то вось гэтыя тры пазыцыі. Першае: для пачатку дыялёгу ўлада павінна выпусьціць усіх палітзьняволеных і рэабілітаваць іх. У тым ліку – майго партыйнага лідэра і давераную асобу – Мікалая Статкевіча. Я пайшоў на гэтыя выбары, загадзя ведаючы, што на іх ня лічаць галасы, пайшоў па закліку свайго лідэра, каб данесьці да выбарца, што ў краіне патрэбныя перамены. Кіраўніка дзяржавы – я яго называю былым прэзыдэнтам – патрэбна мяняць. Таму другое: абмеркаваць з кіраўніком дзяржавы ўмовы ягонай адстаўкі. Максымум, што мы можам яму гарантаваць – гэта справядлівы суд. І трэйці момант, які трэба неадкладна разгледзець у парлямэнце – канстытуцыйная рэформа. Нам неабходна вяртацца да Канстытуцыі 1994 году. Вярнуць парлямэнту ягоныя паўнамоцтвы. Перайсьці да іншай мадэлі кіраваньня: моцны парлямэнт – слабы прэзыдэнт”.

“Нягледзячы на жаласную сытуацыю з правамі чалавека ў нас у краіне, я выступаю ўсё-такі за рух наперад, за перамены. Сваёй працай у гарсавеце з 1990 па 1997 гады, праблемы выбарцаў я вырашаў пасьпяхова. У парлямэнце іншы ўзровень. Але лічу, што маі веды і досьвед будут там вельмі карысныя… У нас ёсьць права публічнага выступу раз у пяць гадоў, таму я зараз і перад вамі” – падкрэсьліў Гаўруцікаў і перадаў мікрафон Мілінкевічу.

Аляксандар Мілінкевіч казаў як па пісанаму – пра хваробу грамадзтва, бязьвер’е народу, непадкантрольнасьць улады і любоў да Радзімы: “Калі мы выбіраем у парлямэнт, мы павінны выбраць ня толькі добрых настаўнікаў і дактароў, а менавіта людзей, якія здольныя займацца законатворчасьцю… Мы ня проста адзіночкі, якія рвуцца да ўлады, каб паруліць, – мы каманда… І ў яе ёсьць свая праграма – Народная праграма. Ключавое слова – “перамены”. Прапаганда кажа пра стабільнасьць. Але бывае розная стабільнасьць. Для мяне галоўнае, каб у краіне было стабільнае разьвіцьцё. А стабільнасьць могілак і дрыгвы – вось гэта нам не патрэбна…”

“Хачу сказаць пра нашу агульную адказнасьць за краіну. Мы ўсе яе любім, кожны па-рознаму. І, вы ведаеце, калі я пайшоў на выбары і пастаяў у пікетах, я быў у шоку ад краіны, мне здалося, што я ня гэтую краіну адчуваю. Краіна ў глыбокай дэпрэсіі! Краіна больш нікому ня верыць. Людзі казалі: уладзе ня верым, вам ня верым, у сябе таксама ня верым – хай нашы дзеці лепей зьязджаюць. І хто будзе рабіць гэтыя перамены і рэформы, калі грамадзтва абязьверанае?.. Трэба сабрацца адной сям’ёй і паразмаўляць. Я ня ведаю, ці разумее гэта ўлада…” – паціскаў плячыма Мілінкевіч.

“Калі мы не заразумеем, што краіна цяжарная рэформамі, дык будзе вельмі дрэнна. І найвялікшы ўнёсак павінен зрабіць парлямэнт. Але той, які выберуць сёлета, – гэта будзе стэрылізаваны, імпатэнтны парлямэнт. І мы адкладзем рашэньне хваробы… Куды мы пойдзем – на Ўсход ці на Захад, пытаюцца. Ды нікуды ісьці ня трэба: краіна наша тут, і мы гаспадары. Калі ўвядуць расейскі рубель – ці будзе наша краіна незалежнай? Не. Дык вось, калі і на гэты раз будзе выбраны парлямэнт без дыскусіяў і дэбатаў, усё заваліцца, мы зойдзем у тупік… Аж голас дрыжыць, бо разумееш, што сытуацыя вельмі сур’ёзная. Улада павінна быць падкантрольнай народу. І бяз выбараў гэтага не дасягнуць. Выбары – аснова асноў, калі мы хочам будаваць свабодную краіну. А мы хочам у ёй жыць!” – запэўніў экс-кандыдат у прэзыдэнты (2006).

Самае працяглы выступ зрабіў актывіст “Гавары праўду” Сяргей Парсюкевіч. Распавёў, чаму яго не зарэгістравалі кандыдатам і яшчэ шырэй акрэсьліў тэму лукашэнкаўскай стабільнасьці як стабільнай дэградацыі. Пра выбары сказаў наступнае: “Практычна ў краіне ўжо шмат гадоў выбараў няма. І наўрад ці яны будуць у найбліжэйшай будучыні. Многія кажуць, што выбары ў Беларусі праходзяць толькі дзеля легітымізацыі ўлады. А я лічу, што ўладзе гэта ўжо і не патрэбна. Парлямэнцкія выбары зрабіліся раздачай цукерак для былых чыноўнікаў перадпэнсійнага ўзросту, каб тыя дружна націскалі на патрэбныя пімпачкі за велічэзныя заробкі. Тады навошта яны патрэбныя – тыя выбары? Справа ў тым, што магчымасьці сустрэцца з выбарцамі, акрамя як у межах электаральнай кампаніі, у нас няма…” Скончыў ён заклікам: “Давайце ж разам будаваць сваю Радзіму!”

Менавіта пасьля выступу Парсюкевіча ўзьнікла нейкая дыскусія. Спачатку жанчына ў яркай вопратцы запыталася: “А хто іменна можа замяніць Аляксандра Лукашэнку – назавіце прозьвішча!” – “Калі ласка – вось Аляксандар Мілінкевіч, на дзьве галавы вышэйшы!” – адрэагаваў Гаўруцікаў. – “Паслухайце, ну не сьмяшыце мяне… Якім павінен быць прэзыдэнт? Гэта такі чалавек, які ўстане і скажа, што двойчы два будзе пяць – і ўсе яму павераць. Як Лукашэнку”. Колькі спадар Жаляпаў ні прыводзіў аргумэнтаў заганнасьці дзейснага кіраўніка, жанчына засталася пры сваім: “Працягваю верыць Лукашэнку”.

Далей мужчына, які прадставіўся былым канструктарам заводу “Віцязь”, цікавіўся, чым Гаўруцікаў лепшы за іншых кандыдатаў у акрузе, прынамсі лепшы за матэматыка Міхаіла Волкава. “Вам далі трыбуну, каб данесьці да нас нешта такое запаветнае, але я нічога, акрамя крытыкі ўладаў, не пачуў”, - скардзіўся выбарца. Жаляпаву прышлося нагадаць былому канструктару, што той амаль на гадзіну спазьніўся на сустрэчу. Маўляў, усё запаветнае было сказана. “Але мы можам паўтарыць” - і Гаўруцікаў зноў казаў пра неабходнасьць перамен.

Яшчэ адзін мужчына, які прыйшоў таксама са спазьненьнем, папрасіў Мілінкевіча, які для яго зьяўляецца безумоўным аўтарытэтам, ахарактарызаваць кандыдата Гаўруцікава. “Праблема не ў асобах, – адказаў Мілінкевіч. – нас нішчыць аднадумнасьць…” І зноў казаў пра бескантрольнасьць улады.

Было пытаньне пра далейшае разьвіцьцё РБ. Гаўруцікаў спрагназаваў цяжкі крызыс і прарочыў, што дыктатар сыдзе цягам году ці двух.

Кропку ў сустрэчы паставіў прадстаўнік школьнай адміністрацыі з задніх шэрагаў залі, які таксама прарочым тонам дапусьціў магчымасьць таго, што неўзабаве ў актавай залі можа згаснуць сьвятло… Засталося ўражаньне, што выбарцы разыходзіліся зь ня вельмі вялікай ахвотай.

Дыялёг Online газэта