Паводле зьвестак упраўленьня арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкаму, у будучую кампанію на Віцебшчыне трэба будзе абраць 3218 дэпутатаў, зь іх 2329 - у сельскія і пасялковыя саветы. Агульная колькасьць мандатаў скароціцца прыкладна на 8,8% у параўнаньні зь мясцовымі выбарамі 2010 году, нязьменным застанецца толькі іх колькасьць у абласным савеце (60). У сельскіх і пасялковых саветах стане менш на 233 месцы (або на 9%), у гарадзкіх саветах - на 62 (амаль на 32%).
Скарачэньне дэпутацкіх мандатаў зьвязана з аб’яднаньнем прадстаўнічых органаў улады Полацку, Воршы з адпаведнымі раённымі саветамі, а таксама скасаваньнем некалькіх сельскіх і пасялковых саветаў, выкліканым неабходнасьцю ўзбуйненьня адміністрацыйных адзінак і прывядзеньнем іх структуры ў адпаведнасьць з заканадаўствам. Такім чынам, агульная колькасьць мясцовых саветаў скарацілася на 6,7% да 224. Трэба будзе сфармаваць абласны, 21 раённы, 5 гарадзкіх саветаў у гарадох абласнога і раённага падпарадкаваньня, 197 сельскіх і пасялковых саветаў.
Маючая адбыцца выбарчая кампанія будзе мець шэраг асаблівасьцяў у параўнаньні з ранейшай. Паводле Закону “Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў”, які ўступіць у сілу у сьнежні 2013 году, кандыдаты ў дэпутаты атрымалі права фармаваць свае выбарчыя фонды. Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат зможа балятавацца толькі па адной акрузе. Кандыдаты будуць абавязаныя пазначаць усе крымінальныя судзімасьці , якія мелі месца ў іх жыцьці, нават калі яны былі патушаныя ці зьнятыя. Апроч таго, тыя, хто ня мае афіцыйных крыніц даходу, будуць пазначаць у дэклярацыі пра даходы і маёмасьць крыніцу, за кошт якой яны існуюць. Таксама падчас выбарчай кампаніі пачне дзейнічаць норма, якая забараняе агітаваць за байкот выбараў.
Крыніца: Витебские вести