Субота, 04 Студзень 2014

«Витебские вести» не заўважылі актыўнасьці палітычных партыяў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Абласная газэта “Витебские вести” падвяла вынікі этапу фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. І паведаміла чытачам, што “на сёньняшні дзень актыўнасьць палітычных партыяў ледзьве заўважная”, бо з партыйцаў “у склад камісіяў увайшло 17 чалавек, або каля 1%, у тым ліку 13 сябраў КПБ”. Газэта не палічыла патрэбным патлумачыць, што “ўвайшлі” – гэта ня значыць “хацелі ўвайсьці”, і што ад апазыцыйных партыяў былі прэтэндэнты на ўдзел у камісіях, якіх туды папросту не ўключылі.

Прыкладам, з 48 прадстаўнікоў партыі БНФ у выбарчыя камісіі патрапілі толькі тры чалавекі ў Менскай, Віцебскай і Берасьцейскай абласьцёх. Адпаведна, ва ўсёй Віцебскай вобласьці – усяго 1 чалавек. Мясцовыя ўлады, фармуючы камісіі, не задаволілі памкненьне трапіць у абласную выбарчую камісію намесьніка старшыні абласной арганізацыі партыі БНФ Кастуся Смолікава, у Полацку, Наваполацку і Воршы раённыя камісіі таксама сфармавалі без прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.

Пра тое, каго ўключалі ў камісіі, а каму адмаўлялі, выразна сьведчаць лічбы: паводле афіцыйных дадзеных, у тэрытарыяльныя камісіі Віцебшчыны ўключана 1790 чалавек, або 98,5% ад ліку ўсіх прэтэндэнтаў.

Ня трапілі ў камісіі і праваабаронцы – прадстаўнікі БХК. Затое вельмі характэрны пералік іншых грамадзкіх аб’яднаньняў і колькасны склад іх сябраў, уключаных у камісіі: прадстаўнікоў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (359 чалавек, больш за 20% ад агульнай колькасьці), Беларускага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў (101 чалавек, або 5,6%), Беларускага саюзу жанчын (87 чалавек, або 4,9%), БРСМ (70 чалавек, або 3,9%), РГА «Белая Русь» (61 чалавек, або 3,4%).

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"