Аўторак, 21 Ліпень 2020

Чым скончылася абмеркаваньне праекту будаўніцтва Сафійскага сабору ў Віцебску?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Падчас грамадзкага абмеркаваньня праекту будаўніцтва Сафійскага сабору прагучала прапанова забараніць царкве будаваць новыя храмы да завяршэньня ўсіх ужо пачатых аб'ектаў у горадзе, пішуць «Народныя навіны Віцебска». Як на гэта адрэагавалі гарадзкія ўлады?

Віцебскі гарвыканкам апублікаваў пратакол грамадзкага абмеркаваньня праекту будаўніцтва Сафійскага сабора на беразе Дзьвіны каля гандлёвага цэнтру «Беларусь». Згодна з пратаколам, заўваг наконт працэдуры грамадзкага абмеркаваньня не паступала, таму палічылі, што абмеркаваньне адбылося.

Архітэктурна-горадабудаўнічая рада Віцебскага аблвыканкаму палічыла практычна ўсе крытычныя заўвагі наконт праекту неадпаведнымі нарматыўна-прававым актам і абавязковым для выкананьня патрабаваньням тэхнічных нарматыўных прававых актаў – і праігнаравала іх.

Улічваліся толькі станоўчыя водгукі аб ідэі будаўніцтва чарговага культавага абʼекту.

Гэтак, «неадпаведнай заўвагай» прызналі прапанову забараніць Віцебскай эпархіі БПЦ пачынаць любыя працы для будаўніцтва культавых збудаваньняў да таго часу, пакуль ня будуць скончаныя ўсе аналягічныя абʼекты ў горадзе Віцебску. Як мяркуюць жыхары, даўгабуды нявечаць горад.

Адзіная заўвага, наконт якой савет папрасіў тлумачэньня ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму, тычылася парушэньняў у працэдуры абмеркаваньня, якія заўважыў віцяблянін Яўген Новікаў. Спадар Яўген прапанаваў у сувязі з парушэньнямі грамадзкае абмеркаваньне архітэктурна-пляніровачнай канцэпцыі абʼекту «Сафійскі сабор у г. Віцебску» адмяніць, а вінаватых у парушэньні заканадаўства прыцягнуць да адказнасьці. Гэтага зроблена не было.

Грамадзкае абмеркаваньне праекту копіі полацкага Сафійскага сабору, якую мяркуюць пабудаваць у Віцебску паміж Дзьвіной, Пілатавым ручаём і ГЦ «Беларусь», праходзіла ад 9 чэрвеня да 3 ліпеня. Паводле апытаньня, зладжанага на партале «Народныя навіны Віцебска», 58% яго ўдзельнікаў выказаліся супраць будаўніцтва храма, 24% – ня супраць будаўніцтва, але толькі ў выпадку, калі яно будзе ажыцьцяўляцца выключна за грошы БПЦ.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.