Няма падставаў здзіўляцца, што рэдактарка «раёнкі» ўжывае зацёртыя ідэалагічныя штампы наконт Латвіі, Літвы і Эстоніі. Наўрад ці яна сама была хаця б у адной з гэтых краінаў. Развагі Галіны Жукавай пра «заходнюю культуру адмены» зводзяцца да простых папрокаў. Маўляў, як так: народы прыбалтыйскіх краінаў панеслі значныя чалавечыя страты, але чамусьці не хочуць урачыста адзначыць Дзень Перамогі. Падобна, што жанчына перакананая ў неабходнасці парадаў, салютаў, пераапранання дзяцей у вайсковую форму і г.д., каб ушанаваць памяць бязвінных ахвяраў нацызму.
Зрэшты, тэрмін «нацызм» ёй таксама не даспадобы: рэдактарка Чашніцкай газеты лічыць няправільнай трактоўку перамогі 1945г. як перамогі над нацызмам у час Другой Сусветнай вайны. Ёй больш да спадобы варыянт пра перамогу савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне. А замест аргументаў на карысць уласнага меркавання Галіна Жукава чамусьці цытуе ўспаміны пісьменніка Барыса Палявога пра Бабій Яр – месца расстрэлаў грамадзянскага насельніцтва, перадусім габрэяў. І прыгадвае, што Украіна падчас мінулай вайны страціла пятую частку насельніцтва. Нібыта гэта наўпрост уплывае не фармат адзначэння памятнай даты: калі людзей загінула шмат, дык абавязкова 9 траўня трэба спяваць і танчыць, а маўкліва прыгадаць ахвяраў і страты – недастаткова...
Напрыканцы ўласнага артыкула «Есть, что сказать» рэдактарка раённай газеты «Чырвоны прамень» вырашыла скарыстаць вядомы пасаж Аляксандра Лукашэнкі: «эту Великую Победу, как и любимую, мы не отдадим». Нават не хочацца іранізваць наконт наяўнасці «любімай» у спадарыні Жукавай, пачытаўшы шмат бязглуздага і малапісьменага пустаслоўя, кшталту «в Беларуси празднование Дня Победы – это настоящий праздничный марафон, который проходит не один день. Его особенность – светящиеся благодарностью за память глаза ветеранов, радостные лица белорусов и детей».
Паспрачацца з аўтаркай і выказаць ёй заўвагі немагчыма – на сайце газеты «Чырвоны прамень» няма опцый для каментавання матэрыялаў. Зрэшты, іх увогуле мала хто чытае: прыкладам, артыкул пра 9 траўня за больш як суткі быў прагледжаны ўсяго каля 160 разоў (для параўнання – колькасць насельніцтва Чашніцкага раёну налічвае больш за 27 тысяч чалавек).
Лявон Каляда