Чацвер, 31 Сакавік 2016

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу журналісткі Тацяны Смоткінай

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Тацьцяна Смоткіна Тацьцяна Смоткіна

У ліпені  мінулага году Тацяна Смоткіна была аштрафаваная на 4,5 мільёну рублёў паводле артыкулу 22.9 КаАП: Глыбоцкі райсуд прызнаў яе вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і працы на замежнае выданьне без акрэдытацыі. Абскардзіць судовае рашэньне ёй не ўдалося.

Тацяна Смоткіна абскарджвала рашэньне судзьдзі Людмілы Вашчанкі ў вышэйшых судовых інстанцыях, аднак безвынікова. Апошні зварот журналісткі быў накіраваны ў Вярхоўны суд, і адтуль яна атрымала пісьмовую адмову. У допісе “Аб разглядзе скаргі” за подпісам намесьніка старшыні Вярхоўнага суду Руслана Аніскевіча гаворыцца, што падставаў для скасаваньня рашэньня Глыбоцкага райсуду няма. Сьцьверджаньні пра тое, што Тацяна Смоткіна не зьяўляецца вытворцам прадукцыі СМІ, Вярхоўны суд лічыць “хібным разуменьнем закону”. Таксама ў лісьце гаворыцца, што скаргі журналісткі пра парушэньне  яе права на збор і распаўсюд інфармацыі “не знайшлі  свайго пацьверджаньня”, і што адсутнасьць акрэдытацыі ў якасьці супрацоўніка замежнага СМІ “зьяўляецца падставай для прызнаньня дзейнасьці па вырабе інфармацыйных паведамленьняў і матэрыялаў незаконнай”.

Нагодай  для судовага разбору ў Глыбоцкім райсудзе, які адбыўся 28 ліпеня мінулага году, стаў матэрыял “Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі", які летась 9 чэрвеня быў разьмешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. Паводле рашэньня суду, журналістка ня мае акрэдытацыі ў якасьці замежнага карэспандэнта і таму парушыла заканадаўства аб СМІ у сваёй прафесійнай дзейнасьці. Тацяна Смоткіна выказала нязгоду з рашэньнем суду, бо мяркуе, што ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае права атрымліваць інфармацыю і дзяліцца ёй зь іншымі.

spring96.org