Пры даследаванні зместу матэрыялаў, апублікаваных на гэтых сайтах, пракуратурай было ўстаноўлена, што на интэрнэт-рэсурсах «xx2022.org» і «zubr.media», апублікаваныя недакладныя звесткі аб лютаўскім «рэферэндуме», а таксама незаконныя заклікі да грамадзян краіны псаваць бюлетэні падчас галасавання.
Так, ва ўлётцы «Перакрэслі Падман» на сайце xx2022.org пракуратура пабачыла заклік да псавання бюлетэняў для галасавання.
«Рэферэндум» – гэта падман і злачынства, у якім нас пераконваюць прыняць удзел. Нам прапануюць ілжывы выбар паміж новай і старой Канстытуцыяй. Насамрэч гэта выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. Падман ляжыць у аснове рэжыму: нам хлусяць пра заробкі, нам хлусяць на выбарах, нам хлусяць пра каронавірус. Але праўда на нашым баку. Мы прыйдзем на рэферэндум і перакрэслім абодва хлуслівыя прапановы. Гэта першы крок да праўды».
А ў матэрыяле на сайце zubr.media "Лукашэнка хоча, каб беларусы не ўдзельнічалі ў рэферэндуме" вартавыя законнасці ўстанавілі «недакладныя звесткі аб запланаваным рэферэндуме».
«Набліжаным Лукашэнку патрэбная ўпэўненасць у будучыні. Ім патрэбная падстрахоўка таго, што, калі не стане Лукашэнкам, яны застануцца ва ўладзе. Новая канстытуцыя, якая патрэбная рэжыму ў будучыні, цешыць самалюбства Лукашэнкі, ён трымае рыторыку, што ўсе беларусы прымаюць гэтую канстытуцыю», – выказаў сваё меркаванне аўтар артыкула
У сваім рашэнні Ігар Украінец указаў, што матэрыялы, выстаўленыя на сайтах, матывавалі грамадзян Рэспублікі Беларусь да супрацьпраўных паводзін, дыскрэдытавалі органы дзяржаўнай улады і ў цэлым Рэспубліку Беларусь, і пастанавіў доступ да сайтаў "xx2022.org" і "zubr.media" абмежаваць на 6 месяцаў.
У цяперашні час доступ да гэтых інтэрнэт-сайтаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь абмежаваны, але магчымы пры ўмове, што ў карыстальніка ўсталяваная праграма VPN.
Алег Кунін