Пятніца, 04 Красавік 2014

Выдаўца «Крывінкі» аштрафавалі на 7 з паловай мільёнаў рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Георгі Станкевіч Георгі Станкевіч

Штраф памерам 50 базавых велічынь – максымальны паводле ч.2 артыкулу 22.9 КаАП. Суд прызнаў, што Георгі Станкевіч парушыў правілы распаўсюду газэты “Крывінка” і патрабаваньні да выдавецкай дзейнасьці. З матэрыялаў справы высьветлілася, што адміністрацыйны перасьлед Георгія Станкевіча распачаўся з ананімкі. Прычым у ёй не было ані слова непасрэдна пра газэту “Крывінка”.

“Калі я ў судзе знаёміўся з матэрыяламі справы, то ўбачыў там ксеракопію ліста, які нібыта даслалі ў адміністрацыю прэзыдэнта мае аднавяскоўцы, – гаворыць вядомы паэт і бард Георгі Станкевіч. – Хачу заўважыць, што ў вёсцы Старыя Ранчыцы, дзе я жыву, засталіся пераважна пэнсіянэры, і ўсе яны да мяне добра ставяцца. І раптам я чытаю, што нейкія “аднавяскоўцы” просяць “спыніць Станкевіча”, бо ён “палівае брудам народ і ўрад”. І што гэта мне будзе такі “падарунак ад Дзядулі Мароза” – ліст быў напісаны недзе напрыканцы студзеня. А ўнізе яшчэ намаляваная кветачка. Дзівосы нейкія! Каб людзі малявалі кветачкі на лісьце ў адміністрацыю – у гэта я ня веру! Ліст выглядае на нейкі дурны жарт ці падробку, але гэта нікога не зьбянтэжыла. Яго перанакіравалі ў Віцебскі аблвыканкам і абласную ўправу міліцыі, а адтуль – ужо да нас у Бешанковічы. І ў справе ёсьць дакумэнт, дзе гаворыцца, што захады па гэтай “ананімцы” трэба зрабіць да 13 сакавіка”.

Станкевіч мяркуе, што менавіта з-за гэтай пасьпешлівасьці судзьдзя Натальля Рэўт не дазволіла яму запрасіць на судовы працэс ні перакладчыка, ні адваката зь Менску. З-за настойлівасьці падсуднага яго выдалілі з судовай залі нібыта за парушэньне парадку. Паводле судовай пастановы, ён пакінуў залю сам і дэманстратыўна.

Для Георгія Станкевіча абвінавачаньне за распаўсюд “Крывінкі” – ужо трэцяе. У 2010 годзе ён быў пакараны за гэта ж штрафам у 20 базавых велічынь, а ў 2012 годзе штрф склаў ужо 40 базавых. Заснавальнік і рэдактар самвыдатаўскай газэты лічыць, што перасьлед за “Крывінку” – гэта палітычная замова з мэтаю абмежаваць ягоным землякам доступ да праўдзівай інфармацыі. Каб гэтага ня здарылася, Георгі Станкевіч заснаваў яшчэ й незалежны інфармацыйны рэсурс http://beshankovichy.by, дзе таксама зьмяшчаюцца крытычныя артыкулы пра мясцовыя праблемы. Апошнюю пастанову райсуду Георгі Станкевіч зьбіраецца аспрэчыць у вышэйшай судовай інстанцыі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў