Па рашэнні старшыні суда Сенненскага раёна суддзі Іны Досавай, лабарант аднаго прадпрыемстваў Сянно за здзек над дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь (арт.370 КК Рэспублікі Беларусь) быў пакараны абмежаваннем волі тэрмінам на 1 год 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд быў агучаны 25 студзеня і ўступіў у сілу.

У адпаведным спісе МУС з’явілася згадка пра тое, што 9 сакавіка суд Маладзечанскага раёну прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй відэаролік да песні «Чэрці», размешчаны на YouTube.com. Год таму, 24 лютага, суд Маладзечанскага раёну прызнаў экстрэмісцкім артыкул пра гэтую песню, надрукаваны ў мясцовай недзяржаўнай «Рэгіянальнай газеце». Аўтарам словаў і музыкі з’яўляецца Ігар Палынскі – жыхар Полацку, які цяпер вымушана знаходзіцца ў эміграцыі.

Вярхоўны суд 06 сакавіка 2023 прыняў рашэнне ліквідаваць Беларускую грамадскую арганізацыю "Асацыяцыя алерголагаў і клінічных імунолагаў". Ініцыятарам ліквідацыі медычнай арганізацыі выступіла ўпраўленне па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Офіс арганізацыі знаходзіўся ў Віцебску і асноўнымі заснавальнікамі і сябрамі з'яўляліся, ў асноўным, работнікі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Судамі Віцебскай вобласці за 2022 год за здзяйсненне злачынстваў карупцыйнай накіраванасці было асуджана 58 асоб. Гэта на 12,1% менш, чым у 2021 годзе, калі за падобныя злачынныя дзеянні былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці 66 чыноўнікаў. З улікам, што ў рэгіёне ў дзяржаўным кіраванні працуюць больш за 23 тыс. чалавек, то можна сцвярджаць, што на Віцебшчыне карупцыя пераможана.

Як стала вядома, Суд Кастрычніцкага раёна горада Віцебска 17 лютага  асудзіў Кірыла Джэмігу з Паставаў на 11 сутак арышту па адміністрацыйнай справе  па частцы 2 артыкула 19.11 (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуючай такую). Згодна з пастановай суда, было ўстаноўлена, што ён захоўваў інфармацыю ў “Тэлеграме”, якая ўключаная ў так званы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў з мэтай распаўсюджвання нявызначанаму колу асобаў.