Панядзелак, 03 Люты 2025

У Глыбокім ідуць суды па крымінальных справах за пратэсты 2020-га

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

4 лютага ў судзе Глыбоцкага раёна будуць разбіраць справу Рамана Васілевіча, 7 лютага – справу Ігара Шкетава. Абодвух судзяць за ўдзел у пратэстных падзеях 2020 года паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Судзіць глыбачан будзе Андрэй Тарасевіч. Ён жа 28 студзеня па тым самым артыкуле судзіў братоў Івана і Дзмітрыя Піскуновічаў.

Цяперашнія суды ў Глыбокім – вынік затрыманняў, праведзеных сілавікамі ў верасні-кастрычніку мінулага года. Тады на заангажаваных Тэлеграм-каналах выклалі 4 відэаролікі з пакаяльнымі відэа глыбачан, якія прызнаваліся, што бралі ўдзел у пратэстах супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Частку затрыманых асудзілі адразу па адміністрацыйных артыкулах, а частку перавезлі ў віцебскі СІЗА, прад'явіўшы ім крамінальныя абвінавачанні.

28 студзеня у Глыбоцкім райсудзе суддзя Андрэй Тарасевіч разбіраў справы братоў Івана і Дзмітрыя Піскуновічаў, супраць якіх была распачата справа паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

7 лютага па гэтым самым артыкуле будуць судзіць прадпрымальніка Ігара Шкетава – аднаго з тых, каго паказалі ў відэароліку на Тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў. У «пакаяльным» відэа ён называе сябе адміністратарам пабліка «Подслушано Глубокое». Незадоўга да затрымання ў верасні Шкетава судзілі за «распаўсюд экстрэмізму» па ч.2 арт.19.11 КаАП.

4 лютага прызначаны суд над Раманам Васілевічам – яшчэ адным з затрыманых падчас вераснёўскага хапуну ў Глыбокім. Мужчына скончыў Віцебскую вучэльню алімпійскага рэзерву, праходзіў вайсковую службу ў спецназе. У Глыбокім займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю ў галіне будаўніцтва. У «пакаяльным» відэа, паказаным па выніках затрымання, Васілевіч пацвярджае, што ў 2020 годзе браў удзел у акцыі пратэсту, выходзячы на праездную частку. На гэтым відэа выразна відаць ссадзіны на лобе затрыманага.

Па выніках масавых затрыманняў сілавікі выклалі ў сеціва 5 відэаролікаў. У тэкстах да іх сцвярджалася, што удзельнікі пратэстаў будуць пакараныя, у тым ліку і па крымінальных артыкулах.

Марыя Маслава