Субота, 27 Снежань 2014

Сяргей Каваленка арыштаваны на 10 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Трое сутак да суду віцебскі актывіст КХП-БНФ ужо адбыў у ізалятары часовага ўтрыманьня, трымаючы галадоўку. Ён быў зьмешчаны пад варту 24 сьнежня – у той дзень у Віцебску быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. На судовы працэс Сяргея Каваленку прывезьлі ў кайданках, што асабліва абурыла сваякоў і праваабаронцаў.

Паводле першага міліцэйскага пратаколу, Сяргей Каваленка быў затрыманы за дробнае хуліганства – нібыта недалёка ад уласнага дому ён спраўляў малую патрэбу. У другім пратаколе супрацоўнікі РАУС Першамайскага раёну напісалі, што ён не падпарадкаваўся іх патрабаваньням – адмаўляўся ехаць для разьбіральніцтва ў пастарунак.

Актывіст хадайнічаў, каб яму далі час на заключэньне дамовы зь менскім адвакатам. Але судзьдзя Першамайскага райсуду Андрэй Прэйс хадайніцтва не задаволіў: ён заявіў, што ў Каваленкі быў час, каб наняць адваката, пакуль ён знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Актывіст засьведчыў, што такой магчымасьці яму не далі: у першы дзень забаранілі тэлефанаваць жонцы, каб даведацца нумар адваката, а на другі дзень сказалі, што ў ІЧУ зламаўся тэлефонны апарат.

Сяргей Каваленка хадайнічаў, каб на працэсе прысутнічаў перакладчык. Гэтае хадайніцтва было задаволенае, але запрошаны сацыяльны пэдагог сярэдняй школы №12 Алег Уласаў прадэманстраваў далёка не дастатковае валоданьне беларускай мовай. Актывіст заявіў адвод пракладчыку, але гэтае хадайніцтва не было задаволенае. Ня быў задаволены і адвод судзьдзі: судзьдзя Андрэй Прэйс абвясьціў адвод беспадстаўным.

Пасьля заўваг за рэплікі зь месца з паседжаньня выдалілі маці Сяргея Каваленкі, а сьледам і жонку, Алену Каваленку. Суд прыняў да ўвагі сьведчаньні сьведак-міліцыянтаў, якія заявілі, што актывіст зьдзейсьніў дробнае хуліганства, а потым адмаўляўся выконваць законныя патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі. Праўда, яны паведамілі, што ў пастарунку Каваленка паводзіў сябе адэкватна. Не парушаў дысцыпліну ён і ў ІЧУ. Тым больш незразумелым выглядала тое, што на суд актывіста прывезьлі ў кайданках.

Паводле судовага рашэньня, Сяргею Каваленку вынесеныя 10 сутак арышту: трое сутак за дробнае хуліганства, і яшчэ сем – нібыта за непадпарадкаваньне міліцыянтам. Судовую пастанову перадалі Сяргею Каваленку, жонцы даць пастанову адмовіліся, хаця яна і прасіла пра гэта, каб перадаць дакумэнты адвакату для складаньня касацыйнай скаргі.

Тэрмін арышту Сяргея Каваленкі адлічваецца з моманту затрыманьня 24 сьнежня і скончыцца 3 студзеня. На думку актывіста, які адмаўляе факты хуліганства і непадпарадкаваньня, адзіным тлумачэньнем інцыдэнту зьяўляецца тое, што 24 сьнежня ў Віцебску быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Раней Сяргей Каваленка неаднаразова арыштоўваўся і нават адбыў турэмны тэрмін за вывешваньне ў Віцебску нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягоў. Асабліва памятным у Віцебску стаў выпадак, калі актывіст вывесіў сьцяг на навагодняй елцы ў першых днях 2010 году.

Сёлета начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Скарыновіч паведаміў, што ў абласным цэнтры робяцца адмысловыя захады па ахове гарадзкой елкі: каля яе наладжаная кругласутачная ахова. Таксама з 24 сьнежня па 8 студзеня мясцовая міліцыя пераведзеная на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, і асабліва пільнымі міліцыянтам належыць быць у месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў, на якіх забаронена «мець пры сабе зброю або яе імітацыю, праносіць з сабой піратэхніку, сьпіртныя або іншыя напоі, карыстацца забароненай сымболікай».

spring96.org