Судовы працэс над Андрэем Зуевым распачаўся 17 ліпеня. Пра тое, што яго будуць судзіць у парадку спецвытворчасці, следчы камітэт паведаміў сёлета 7 траўня. Супраць навапалачаніна была заведзена справа паводле часткі 3 артыкула 130 КК ( распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) , паводле часткі 2 артыкула 293 КК (навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках); паводле часткі 1 артыкула 361 прым. 1 КК ( стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім); паводле артыкула 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
16 траўня Андрэя Зуева ўключылі ў «экстрэмісцкі спіс» МУС. Ён былы сябар «Народнай Грамады» і ўдзельнік сустрэч з Сяргеем Ціханоўскім. Увесну 2020 года яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» - за ўдзел у гутарцы з блогерам, дзе ён раскрытыкаваў сістэму кіравання Аляксандра Лукашэнкі і дзейнасць урада. Улетку 2020 года Зуева зноў судзілі па тым самым артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.
Ігар Бязлюдаў