Панядзелак, 24 Чэрвень 2024

Ксяндза Анджэя Юхневіча не выпусцілі на волю пасля чатырох адміністрацыйных арыштаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пробашч шумілінскай рыма-каталіцкай парафіі  Божай Маці Фацімскай быў затрыманы яшчэ 8 траўня. Ён адбыў за кратамі больш за 45 сутак - гэта самы працяглы тэрмін зняволення ў параўнанні з іншымі святарамі, пакаранымі па "палітычных" адміністрацыйных артыкулах. Ксяндза Анджэя трымаюць у віцебскім ІЧУ, прысуды па адміністрацыйных справах выносіў суд Першамайскага раёна Віцебска.

Найверагодней, апошні раз святара асудзіла да арышту  суддзя Наталля Карабліна – яна разглядала ягоныя 3 папярэднія адміністрацыйныя справы. Паводле інфармацыі выдання  katolik.life, за кратамі святар  будзе знаходзіцца да 2 ліпеня.

Першы арышт на 15 сутак Наталля Карабліна прысудзіла ксяндзу з Шуміліна 10 траўня за  «пікет, праведзены ў сацсетках». Падчас разбіральніцтва  Анджэй Юхневіч пацвердзіў, што сапраўды з'яўляецца карыстальнікам сацыяльнай сеткі «Facebook», дзе мае акаўнт. На гэтай старонцы ён размясціў фотаздымак  на бел-чырвона-белым фоне. Але не пагадзіўся з тым, што такім чынам ён выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы і пратэставаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў 2020 годзе. Таксама  святар пацвердзіў наяўнасць у яго акаўнце блакітна-жоўтага колераў сцяга Украіны. І патлумачыў,  што гэтым ён выказаў скруху наконт гібелі мірных жыхароў суседней краіны ў падчас вайны з Расіяй. Суддзя прызнала ксяндза вінаватым паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП.

Да слова, у той самы дзень 10 траўня ў Першамайскім судзе Віцебска разбіралі адміністрацыйную справу яшчэ аднаго шумілінскага ксяндза – Паўла Лемеха. Іх з Анджэем Юхневічам затрымалі ў адзін дзень і асудзілі за адзін і той самы фотаздымак. Ксёндз Павел выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту, а ксёндз Анджэй застаецца ў няволі.

З перадачаў святару дазволены толькі лекі, піша katolik.life.

Затрыманне ксяндзоў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха адбылося  ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай. «Манахіні разам з а. Анджэем Юхневічам ОМІ разважалі над тым, як плённа жыць Божым словам у штодзённым жыцці і як па прыкладзе Найсвяцейшай Марыі дазволіць Божаму слову, каб яно нас фармавала», --паведамляў пра гэтую імпрэзу catholicnews.by.

Ксёндз Анджэй Юхневіч з'яўляецца старшынём каардынацыйнай групы настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі.

Пётр Конанаў