Пятніца, 22 Сакавік 2024

За «экстрэмізм» улады аштрафавалі дальнабойшчыка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Старшыня суда суддзя суда Верхнядзвінскага раёна Віктар Баліка 7 сакавіка за распаўсюджванне «экстрэмізму» ў сацыяльных сетках аштрафаваў на 1200 рублёў кіроўцу-дальнабойшчыка Сяргея Нікіціна. Адміністрацыйная справа была разгледжана без удзелу "правапарушальніка".

У судзе высветлілася, што Сяргей, знаходзячыся на тэрыторыі Міжнароднага аўтамабільнага пункту пропуску «Грыгораўшчына» ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» размясціў інфармацыйную прадукцыю з сайта «Хартыя97». Раней усе публікацыі сайта ўлады занеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовае паседжанне мужчына не з'явіўся. Аб месцы і часе разгляду справы быў належна апавешчаны. Пры складанні пратакола «правапарушальнік» прызнаў сваю віну ў здзяйсненні, заявіў пісьмовае хадайніцтва аб разглядзе справы ў яго адсутнасць.

Суддзя Баліка прыняў прызнанне віны як доказ здзяйснення Нікіціным адміністрацыйнага правапарушэння і на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП падвергнуў яго штрафу ў даход дзяржавы ў памеры 1200 рублёў і канфіскаваў прыналежны кіроўцу тэлефон.

Сямён Кучын