Панядзелак, 04 Сакавік 2024

60-гадовая жыхарка Оршы запісала відэа пра тое, што яе аштрафавалі «за распаўсюд экстрэмізму» на 1200 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Жанчыну завуць Алена Мінчанка, у лютым ёй споўнілася 60 гадоў. Яна актыўная карыстальніца TikTok, дзе і размясціла свой зварот. Паводле спадарыні, яе пенсія складае 340 руб., і яна «з 11 студзеня студзеня ў слязах», бо яе аштрафавалі паводле ч.2 арт. 19.11 КоАП за тое, што яна «паставіла лайк пад карцінкай, дзе чалавеку жадалі Царства Нябеснага». Найхутчэй, жанчына зрабіла гэта на адным з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім. Яна звярнулася ў суд, каб ёй дазволілі сплаціць штраф у растэрміноўку. Судовы разгляд яе заявы адбыўся 4 сакавіка, вынік пакуль не вядомы.

У відэа ёсць адна нестыкоўка: паводле раскладу працы суда Оршы і Аршанскага раёна, суд па адміністрацыйнай справе мусіў адбыцца над ёй не 11-га, а 18-га студзеня. Цяпер жанчына баіцца, што не здолее сплаціць штраф памерам 30 базавых велічынь і што ў яе «адбяруць дом» (жанчына жыве ў прыватным сектары).

Што папярэдніх відэазапісаў, то там жанчына распавядае пра свайго сабаку, посціць заклікі на распаўсюджваць аб'явы і відэа эзатэрычнага зместу, гаворыць пра тое, што яна "любіць нашу Беларусь", а ўсіх, хто супраць парадкаў у краіне, пасылае "ісці полем" і абяцае "паказаць накірунак".

Відэазварот пра штраф, запісаны ў поўным адчаі, набраў непараўнальна большую колькасць праглядаў. У каментарах людзі спрабуюць супакоіць жанчыну, што без даху над галавой яна не застанецца. Некаторыя выказваюць сумневы, што ў Беларусі не бывае такіх малых пенсій (аўтарка відэа называе лічбы і 340, і 345 рублёў) і што штраф ёй прысудзілі толькі за «лайк пад свечкай».

Валянціна Малышава