Аўторак, 23 Студзень 2024

За правядзенне незаконнага пікету ўлады арыштавалі працаўніка гандлю

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Суддзя суда Глыбоцкага раёна Аляксандр Аляксеенка 11 студзеня за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення пікетавання ў сацыяльных сетках пакараў арыштам на 10 сутак загадчыка аддзела мясцовай крамы Аляксандра Зарэмбу.

У судовым паседжанні было агучана тое, што Аляксандр у сацыяльных сетках «Facebook» і «Instagram» размясціў публікацыі з выявай БЧБ-сімволікі і герба «Пагоня» што на думку супрацоўнікаў мясцовага РАУС мужчына выказваў асабістыя погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця падчас і пасля выбараў 2020 года. Пры гэтым Зарэмба не атрымаў дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства ў чыноўнікаў Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта.

Суддзя Аляксеенка ўлічыў, што «правапарушальнік» прызнаў сваю віну і на падставе ч.1 арт.24.23 КаАП вырашыў пакараць Зарэмба адміністрацыйным арыштам тэрмінам на дзесяць сутак.

Вольга Давыдава