Суд над мужам і жонкай распачаўся 5 верасня, на сёння, 6 верасня, у судовы працэс запрошаны сведкі.
Паводле следства, Вячаслаў Лазараў меў дачыненне да замежнага СМІ, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем, і ўцягнуў у свае дзеянні жонку, Таццяну Пыцько.
З 9 лютага Лазараў знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА. Яго затрымалі пасля ператрусу па месцы прапіскі, следчы камітэт атрымаў доступ да ягонай аргтэхнікі – ноўтбука, відэакамеры, мабільных тэлефонаў. У той самы дзень ператрус быў праведзены па месцы прапіскі ягонай жонкі, у яе таксама забралі аргтэхніку, аднак Таццяна Пыцько яшчэ некалькі месяцаў заставалася на волі. Яе затрымалі 6 чэрвеня пасля чарговага ператрусу. Без маці засталася іх агульная з Вячаславам дачка, якой на той час толькі споўніўся 1 год і 1 месяц. Некаторы час дзяўчынка знаходзілася ў дзіцячай лякарні, потым апеку над ёй аформілі сваякі Таццяны. Двое старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу засталіся з родным бацькам.
Праваабарончая супольнасць прызнае Вячаслава Лазарава і Таццяну Пыцько палітычнымі зняволенымі. Таксама ў Камітэце па правах чалавека ААН чакае разгляду зарэгістраваная пад нумарам 3884/2020 скарга Вячаслава Лазарава. Падставай для скаргі было рашэнне суддзі суду Наваполацка Зінаіды Балаболавай, якая ў траўні 2019г. пакарала штрафамі відэааператара і журналістку Алену Шабуню за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ» (ч.2. арт. 22.9КаАП). Для абароны сваіх прафесійных і грамадзянскіх правоў Вячаслаў Лазараў абскардзіў рашэнне суду Наваполацку ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судах. Але суды вышэйшай інстанцыі адмовіліся абараніць яго правы, якія гарантаваныя дзейнай беларускай Канстытуцыяй і арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Марыя Магерава