Суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 3 траўня пакараў яе спачатку 10 суткамі па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацыяльных сетках і мэсэнджарах. Пасля гэтага над ёй быў яшчэ адзін суд, падчас якога дзяўчыне прысудзілі яшчэ за гэта і 25 базавых велічыняў штрафу. Але на гэтым улады не спыніліся і перавялі Святлану Лупач у Віцебскае СІЗА, ёй інкрымінуюць крымінальны артыкул 342 - Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства.
Паводле гэтага артыкулу людзей караюць арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да чатырох гадоў.
Напрыканцы ліпеня родныя разам з адвакатам Святланы спрабавалі аспрэчыць у абласным судзе яе затрыманне і ўзяцце пад варту. Судовае пасяджэнне па гэтай справе было закрытым і праходзіла ў судзе Першамайскага раёна Віцебска. Суддзя Алена Жук пакінула скаргу без задавальнення.
У адваката Святланы Лупач узялі падпіску аб неразгалошванні, таму пра справу мала што вядома. Але лісты да родных час ад часу ад яе даходзяць.
Тамара Фёдарава