Суддзя суда Глыбоцкага раёна Алена Кот прысудзіла мужчыне 15 сутак за тое, што ён на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” захоўваў публікацыю з інтэрнэт-рэсурсу з лагатып “N“ пасля таго, як яго ўжо прызналі ўлады Беларусі экстрэмісцкім.
У судзе Дзмітрый Рудак сваю віну прызнаў і сказаў, што калі лайкнуў ён гэтую публікацыю нават не памятае і ніякіх мэтаў пры гэтым не ставіў. І пра тое, што дадзеная інфармацыя была ўключаная ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, яму было невядома.
Выявілі так званае адміністрацыйнае парушэнне віцебскія міліцыянты падчас так званага правядзення прафілактычных мерапрыемстваў па супрацьдзеянні экстрэмізму.
Пасля гэтага інцыдэнту супрацоўнік МНС і бацька непаўнагадовых дзяцей Дзмітрый Рудак быў звольнены з працы, а ў калектывах МНС гарадскога пасёлка Падсвілле і Глыбокага кіраўніцтва пачало праводзіць чысткі і прафілактычныя гутаркі.
Дарэчы, у Глыбокім у МНС таксама працуе поўны цёзка звольненага ў Падсвіллі мужчыны Дзмітрый Рудак. Але ён займае вышэйшую пасаду, ён лейтэнант, старшы інспектар і ўзначальвае сектар нагляду і прафілактыкі. Ён працуе і надалей.
Вядома таксама і пра звальненне ў Глыбокім інспектара нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксея Паляка (на фота справа), пра якога не так даўно раённая газета “Веснік Глыбоччыны” пісала станоўчыя водгукі. Але ў Беларусі зараз так – сёння ты добры прыклад для астатніх, а заўтра – ты ніхто ўсяго за нейкі адзін лайк у сацыяльных сетках.
Сцяпан Воднік