Як стала вядома «Нашай Ніве», прарэктара па вучэбнай частцы Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, кандыдата ветэрынарных навук Уладзіміра Журбу затрымалі проста на працы. Ці ён дагэтуль за кратамі або яго адпусцілі дадому да суда, невядома.
У ВНУ ён больш не працуе, паведамілі ў клініцы кафедры агульнай, прыватнай і аператыўнай хірургіі, якую дацэнт Журба праславіў ці не на ўсю Беларусь, зрабіўшы аперацыю па выдаленні пухліны дэкаратыўнаму вожыку. Тады пра гэта напісалі шмат якія мясцовыя і рэспубліканскія выданні.
Але куды часцей імя Уладзіміра Журбы фігуравала ў афіцыйных паведамленнях пра дзейнасць навучальнай установы. Адно з апошніх з'яўленняў прарэктара на старонках дзяржСМІ — гэта рэпартаж з уручэння ўзнагародаў пераможцам абласной алімпіяды «Аграполія-2022», дзе ён віншаваў падлеткаў ад імя адміністрацыі.
Суд паводле ч. 1 арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару) прызначаны на 5 ліпеня. Працэс распачнецца ў судзе Першамайскага раёна Віцебска, справу будзе разглядаць суддзя Юрый Урбан. Былому выкладчыку пагражае абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам і забаронай займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.
Паводле тэлеграм-канала «Віцебск выйшаў на шпацыр», незадоўга да затрымання былы прарэктар праводзіў з супрацоўнікамі нараду пра недапушчальнасць парушэння артыкула 43 Закона №305-З «Аб барацьбе з карупцыяй», дзе гаворыцца пра адказнасць кіраўнікоў у папярэджанні і выяўленні карупцыйных правапарушэнняў.
Апошні запіс Уладзіміра Журбы на ягонай старонцы ў фэйсбуку датаваны 6 лютага. Напярэдадні адбылося ўручэнне дыпломаў выпускнікам факультэта ветэрынарнай медыцыны, і фотаздымкі з гэтай падзеі — апошнія, дзе Журба выступае ў якасці прарэктара па вучэбнай частцы ўніверсітэта. Яго асабістую старонку прыбралі з афіцыйнага сайта навучальнай установы, а былая пасада, калі верыць сайту, застаецца вакантнай.