Серада, 19 Красавік 2023

Экстрэмісцкай прызналі групу ў «Одноклассниках», створаную Аленая Янушкоўскай

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Віцебская відэаблогерка Алена Янушкоўская набыла шырокую вядомасць, стварыўшы відэаканал «Настоящая Беларусь», дзе паказвала хібы мясцовага жыцця насуперак «прыгожай карцінцы», якую паказваюць на беларускім тэлебачанні. Паралельна яна стварыла групы ў розных сацыяльных сетках, каб інфармаваць найбольшую колькасць сваіх падпісчыкаў. Цяпер група ў «Одноклассниках» пад назовам «Елена Янушковская НАСТОЯЩАЯ БЕЛАРУСЬ» залічана ў спіс экстрэмісцкіх інфармацыйных матэрыялаў.

Выклаўшы ў інтэрнэт першыя відэазапісы, Алена Янушкоўская запрасіла Аляксандра Лукашэнку прыехаць у сваю вёску Суйкава Віцебскага раёну, чым выклікала захапленне гледачоў. Пазней, падчас апошняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, відэаблогерка вяла стрымы са збору подпісаў за незалежных кандыдатаў і з мірных пратэстаў у жніўні-верасні 2020г. За гэта яе неаднаразова судзілі па адміністрацыйных справах і каралі «суткамі» арыштаў, падчас якіх у жанчыны абвастрыліся праблемы са здароўем.

Відэаблогерка была вымушана з“ехаць з Беларусі. У лістападзе 2021г. жанчыну абвясцілі ў вышук, правёўшы некалькі ператрусаў па месцы беларускай рэгістрацыі. Супраць яе распачатая крымінальная справа за абразу Аляксандра Лукашэнкі.

Эмілія Траяновіч