Аўторак, 04 Красавік 2023

У жыхара Латвіі забралі аўтамабіль за перавозку праз мяжу сямі галубоў

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску асудзіў пенсіянера, жыхара Даўгаўпілса, за перавозку цераз мяжу Еўразвязу сямі жывых галубоў хатніх парод «з выкарыстаннем тайніка ў задняй частцы столі аўтамабіля» без дэкларавання на мытні. За парушэнне мытнага заканадаўства суд прызнаў жыхара Латвіі вінаватым паводле ч.2 арт.15.1 КаАП. У судзе ён цалкам прызнаў сваю віну.

Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць накладанне штрафу памерам да 30-ці базавых велічынь. Жыхару Латвіі прасудзілі роўна палову «максімуму» – 15 базавых велічынь. Таксама ён мусіць сплаціць кошт незадэклараванага тавару – 140 рублёў, бо жывых галубоў забіраць у даход дзяржавы не сталі. Але самай вялікай стратай для пенсіянера стала канфіскацыя аўтамабіля «VOLKSWAGEN PASSAT» – таго самага транспартнага сродку з «тайніком» для галубоў.

Падобным чынам суды караюць «кантрабандыстаў», якія перавозяць праз мяжу Еўразвязу цыгарэты. Праўда, у такіх выпадках вядзецца пра куды большыя кошты «кантрабанднага» тавару, чымсьці 7 галубоў па 20 рублёў кожны. Па такім кошце гэтыя птушкі прадаюцца на «Куфары», іх звычайна набываюць аматары-заводчыкі.

Лявон Каляда