«Я напісаў песню яшчэ ў 2015 годзе. Калі пісаў, то згадваў выбары 2010-га і той трэш, які адбываўся пасля іх. Пэўны час песня існавала толькі ў канцэртных акустычных запісах, а ў пачатку 2020 году, дарэчы, я спяваў яе на Радыё Сталіца ў прамым эфіры. У чэрвені 2020-га мы вырашылі яе запісаць «у электрычнасці», бо «верыць у лёс Беларусі шчаслівы» (радок з песні – аўт.) – на той момант (ды і цяпер) было супервостра і важна. Але я не мог нават падумаць, што песня стане прароцкай, а «чэрці» неўзабаве акажуцца не ў галаве, а на беларускіх вуліцах – у шлемах, з дубінкамі, шчытамі і практычна поўнай адсутнасцю чагосьці чалавечага… На мяжы жніўня і верасня мы зрабілі: здымкі і мантаж зрабілі за суткі, усё з нулявым бюджэтам. Прэм’ера адбылася 29 верасня 2020 году. Гэта была першая спроба «Sumarok» у відэа», – расказаў Ігар Палынскі.
У кліп былі ўключаныя кадры, знятыя падчас пратэстаў у Маладзечне – туды Ігар Палынскі пераехаў з Полацку, і ў іншых гарадах. А таксама перадвыбарчыя мітынгі з удзелам Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала. Але год таму гэта не выклікала ніякіх прэтэнзій, і «экстрэмісцкім» прызналі толькі артыкул пра песню, а не сам твор.
Цяперашнюю навіну пра ўключэнне і відэакліпа ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў аўтар песні ўспрыняў з гумарам. «Здзейснілася, і кліп Гурт Sumarok на песню «Чэрці» прызналі экстрэмісцкім. Кліп быў так сабе, але песня, здаецца, неблагая», – напісаў Ігар Палынскі ў Фэйсбуку.
Галіна Сініца