Чацвер, 10 Лістапад 2022

У Мёрах судзяць палітзняволеную Эму Сцепулёнак

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

69-гадовую пенсіянерку, былую настаўніцу беларускай мовы абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Справу разбірае суддзя Ірына Яскевіч, працэс ідзе ў закрытым рэжыме.

Эму Сцепулёнак затрымалі 29 верасня 2021 года ў межах крымінальнай справы, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Першыя два месяцы жанчыну ўтрымлівалі ў жодзінскай турме № 8, а потым перавялі ў віцебскі СІЗА-2. Праваабаронцы адзначалі, што жанчыну сталага веку не аднойчы пакідалі без медычнай дапамогі. Клопат пра палітзняволеную ўзялі на сябе прадстаўнікі віцебскай дэмакратычнай супольнасці, бо ў Эмы Сцепулёнак у Беларусі няма родных.

У сярэдзіне верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт, яна знаходзілася па месцы жыхарства ў Мёрах, 7 лістапада адзначыла сваё 69-годдзе.

Паколькі суд праходзіць у закрытым рэжыме, падрабязнасці даведацца цяжка. Але ўжо вядома, што жанчыну затрымлівалі паводле артыкулаў 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы), але цяпер другі артыкул іншы: яе судзяць за абразу Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу).

Феліцыян Красоўскі