Панядзелак, 10 Кастрычнік 2022

Музыку асудзілі на 2 гады калоніі за каментары ў інтэрнеце па "справе Зельцэра"

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебскім абласным судзе 7 кастрычніка быў вынесены прысуд паводле ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) КК палітзняволенаму Сяргею Давівелю. Суддзя Віцебскага абласнога суда Галіна Бондал прызнала Сяргея вінаватым і прызначыла яму пакаранне тэрмінам на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пасяджэнне праходзіла ў закрытым фармаце.

Сяргея Далівеля затрымалі ў 2021 годзе паводле крымінальнай справы, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

Пасля затрымання падсуднага змясцілі ў Следчую турму № 8 горада Жодзіна, пасля чаго перавялі ў Віцебскае абласное СІЗА №2.

Першапачаткова Далівеля абвінавачвалі паводле двух артыкулаў. Але падчас судовага пасяджэння высветлілася, што абвінавачанні паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) знялі.

Пракурор запрасіў пакаранне тэрмінам 2 года і 6 месяцаў зняволення, але суддзя прыняла да ўвагі хворае дзіця, якое знаходзіцца на ўтрыманні падсуднага. 

Трэба дадаць пра тое, что Сяргей з’яўляецца лідарам мінскага рок-гурта “Бандэроль”, аўтар тэкстаў песень і музыкі, які выконвае свае сольныя песні. Пазнаёміцца з творчасцю Сяргея можна тут.

Вось адрэса, каб патрымаць палітвязня пасылкамі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі: Сяргею Уладзіміравічу Далівелю, Віцебскае СІЗА-2, Гагарына 2, 210026, Віцебск, Беларусь.

Іван Чайка