Серада, 28 Верасень 2022

Указам Кіраўніка дзяржавы павышаны кваліфікацыйныя класы ў 12 суддзяў Віцебскай вобласці

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Праваабаронцы лічаць, што пяцёра са згаданых ва Указе суддзяў вынасілі пастановы абвінаваўчага характару ў дачыненні да грамадзян, якія выказвалі нязгоду з фальсіфікацыяй вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, маніпуляцыямі падчас лютаўскага рэферэндуму, а таксама пратэставалі супраць удзелу беларускіх вайскоўцаў ва ўзброеным канфлікце паміж Расіяй і Украінай.

На гэты раз вышэйшы 1-ы судзейскі клас не быў удастоены ніводны з суддзяў, якія працуюць ў судах першай інстанцыі Віцебскай вобласці. 

Чатыром суддзям прысвоены 2-гі кваліфікацыйны клас, што з'яўляецца даволі высокім для судовых служачых. Яго атрымалі суддзі: Віктар Баліка (суд Полацкага раёна і г. Полацка), Іна Дамініч (суд Расонскага раёна), Наталля Жукава (суд Пастаўскага раёна) і Міхаіл Зубеня (суд Віцебскага раёна).

Паводле дадзеных сайта Грамадзянскі кантроль судовай сістэмы суддзя Бялыка вынес 7 абвінаваўчых прысуду па крымінальных справах у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і 9 абвінаваўчых пастаноў па адміністрацыйных справах, а суддзя Зубеня адпаведна 9 прысудаў і 10 пастаноў па адміністрацыйных справах. 

Яшчэ ў судовым «заліку» ў Зубені прысуд, вынесены 20 траўня па справе палітвязняў Ірыны Перцовай, Арцёма Латышава, Кацярыны Макарэвіч і Юліі Лабуновай, вядомых як удзельнікі "віцебскіх перформансаў"

Суддзя Наталля Жукава вынесла адну пастанову па арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). 

Указам падараваны ўсяго адзін, 3-ці кваліфікацыйны клас. Яго ўдастоена суддзя суда Аршанскага раёна і г. Оршы Юлія Сяргавіцкая, якая адзначылася тым, што вынесла пакаранне ў выглядзе 15 сутак удзельніку пратэстаў за нібыта "непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў".

Ва ўказе значыцца, што чатыром суддзям павышаны кваліфікацыйны клас да 4-га разраду. Гэта суддзі суда Аршанскага раёна і г. Оршы Ірына Куртузава, Святлана Кузмічонак і Марыя Лісічонак, а разам з імі і суддзе суда Сенненскага раёна Людміла Талай. Сярод іх, толькі Святлана Кузьмічонак прымала абвінаваўчыя рашэнні па "палітычных справах". 

Сапраўды суддзя Кузьмічонак 2 лютага прызнала Арцёма Ляшнеўскага вінаватым у здзяйсненні злачынства па артыкуле 369 "Знявага прадстаўніка ўлады" КК РБ і прызначыла яму ў якасці пакарання 2,5 гады "хіміі". Яна ж 30 траўня вынесены прысуд жыхару Оршы Антону Баброву. Яго следчыя вінавацілі ў абразе прэзідэнта па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Суддзя Кузмічонак прызнала Антона вінаватым і пакарала яго пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на 2 гады.

У суддзі Кузмічонак ёсць яшчэ адзін «грэх» - вынесены штраф арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). 

Тром юрыстам, зноў прызначаным на пасаду суддзяў быў прысвоены самы нізкі, пяты, кваліфікацыйны клас. Яго ўдастоіліся Аліна Дралава (суд Полацкага раёна і г.Полацка), Алеся Саян (суд Талачынскага раёна) і Дар'я Шайкова (суд Чыгуначнага раёна Віцебска). Гэтыя суддзі пакуль не прымалі пастановаў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстоўцаў. 

Алег Кунін